Апытанне: Ці ведаеце вы пра галадоўку Сяргея Каваленкі?


“Ведаем, што памірае, але нічога пра гэта не думаем”, – такі быў адказ маладога мужчыны.

Карэспандэнты “Белсату” распыталі жыхароў Берасця, ці ведаюць яны пра галадоўку віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі. Калі так, то што яны пра гэта думаюць.

Большасць апытаных не чула пра Каваленку. Двое рэспандэнтаў, даведаўшыся ад журналістаў, што віцебскага актывіста пакаралі за сцяг, сказалі, што гэта няправільна. Заўважна, што спадары сталага веку ў курсе сітуацыі, бо глядзяць дзяржаўнае тэлебачанне. Адзін з іх адмовіўся выказвацца: “Няхай суддзі вырашаюць. А я – не суддзя”. Другі выказаўся рэзка: “Не ведаю і ведаць не хачу. Я адмоўна стаўлюся да такіх людзей”.

Суд прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску, – 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 г. і з таго часу застаецца ў зняволенні.

На знак пратэсту супраць дзеянняў уладаў актывіст КХП БНФ абвесціў галадоўку, падчас якой страціў палову сваёй вагі. Цяпер, паводле ягонай жонкі Алены, ён важыць каля 45 кілаграмаў замест ранейшых 83. Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у псіхіятрычным аддзяленні шпіталю на тэрыторыі віцебскай папраўчай калоніі “Віцьба-3”.

Судовая калегія Віцебскага абласнога суда 10 красавіка прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару. У найбліжэйшы час апазіцыянер будзе адпраўлены ў Рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу ў Навінках, што ля Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў