Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” баяцца правакацыяў


Заяўка на правядзенне 26 красавіка ў Менску мітынгу і шэсця з нагоды 26-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС пададзеная 10 красавіка ў Менгарвыканкам.

“Аргкамітэт узгодніць маршрут, расцяжкі. Усе іншыя арганізацыі, якія будуць прапагандаваць ідэі, не ўзгодненыя з аргкамітэтам, мы будзем расцэньваць як правакацыі. І безумоўна, як і ахова “Чарнобыльскага шляху”, гэтак і міліцыя мусяць зрабіць адпаведныя захады”, – растлумачыў адзін з арганізатараў акцыі, адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.

Ініцыятары традыцыйнай акцыі “Чарнобыльскі шлях” просяць дазволіць збор удзельнікаў а 18:00 на пляцоўцы каля будынку прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а затым правесці шэсце вуліцаю Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе а 19:30 пройдзе мітынг.

Адзін з ініцыятараў акцыі, прафесар Юрый Хадыка, паведаміў, што арганізатары просяць дазволіць шэсце па адной паласе праезнай часткі. “26 красавіка – будні дзень, народу а шостай увечары будзе дастаткова шмат на ходніках. Перамяшчацца вялікаю калонаю будзе вельмі складана”, – сказаў ён.

Прадстаўніца ГА “Экадом” і грамадскай кампаніі “Астравецкая атамная – гэта злачынства” Таццяна Новікава паведаміла, што сёлета акцыя плануецца пад знакам патрабавання адмяніць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

“Чарнобыльскі шлях” праводзіўся штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, якое заканчвалася мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.

belsat.eu

Стужка навінаў