Праваабаронцы: Рабіце фота- і відэаздымкі парушэнняў!


14 снежня ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта.

Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў сцвярджае, што, паводле ягоных звестак, да кожнага выбарчага ўчастка ўжо давялі планы: не меней за 40 % выбарнікаў мусяць прагаласаваць датэрмінова. “У гэтым заклад “элегантнай перамогі”. Таму я заўсёды заклікаю – не хадзіце галасаваць датэрмінова!” – кажа палітык.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляе, што апазіцыі выгадна ўздымаць шум, каб потым перакласці віну за сваю паразу на датэрміновае галасаванне. Яна кажа, што паводле беларускага заканадаўства галасаваць датэрмінова могуць выбарнікі, якія з тых ці іншых прычынаў не могуць зрабіць гэта ў дзень выбараў. Ярмошына запэўнівае, што гэтая практыка не супярэчыць міжнародным выбарчым стандартам.

Удзельнікі ж кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўказваюць на шматлікія факты прымусу галасаваць датэрмінова. Найперш яны датычаць студэнтаў і вайскоўцаў.

Праваабаронцы заклікаюць грамадзянаў фіксаваць гэтыя факты на фота ці відэа, абяцаючы іхным аўтарам ананімнасць. “Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні ёсць грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і цягне за сабой устаноўленую законам адказнасць для асобаў, якія ажыццяўляюць такі прымус”, – падкрэсліваецца ў прынятым з гэтай нагоды звароце.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары