У гадавіну тэракту ў метро адкрыюць памятны знак


У Менску 11 красавіка, у першую гадавіну тэракту на станцыі метро “Кастрычніцкая”, пройдуць памятныя акцыі. Як паведамляе прэс-служба Менскага гарвыканкаму, а 17.50 каля храму-помніка “У гонар усіх святых у памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай” на вул. Каліноўскага адбудзецца мітынг-рэквіем, а ў крыпце храму запланавана адкрыць памятную дошку і адслужыць жалобную імшу.

Каля ўваходу на станцыю метро “Кастрычніцкая” будзе адкрыты памятны знак.

У верасні 2011 г. на рашэнне Менгарвыканкаму “Аб увекавечанні памяці трагічна загінулых грамадзянаў на станцыі метро “Кастрычніцкая” быў абвешчаны адкрыты конкурс на стварэнне памятнага знаку. Пераможцам стаў скульптар Канстанцін Селіханаў з мемарыяльным знакам “Рака памяці”.

Кампазіцыя выкананая з бронзы, белага мармуру і чорнага граніту. Мемарыяльны знак паставяць каля ўваходу на станцыю метро “Кастрычніцкая” на месцы часовай дошкі памяці. На бронзавай стэле выяўленыя пятнаццаць хваляў, на хрыбтах якіх – прозвішчы пятнаццаці загінулых у трагедыі. Акрамя імёнаў загінулых кампазіцыя будзе ўтрымліваць адзін надпіс – дзень тэракту – і сімвалізаваць спынены час на электронным табло.

Выбух на станцыі “Кастрычніцкая” адбыўся 11 красавіка а 17 гадзіне 56 хвілінаў. У выніку тэракту 15 чалавек загінулі, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32, менш цяжкія – 72, іншыя цялесныя пашкоджанні – 283 чалавекі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары