Паганяйла: За «памылку» ў базе невыязных – персанальная адказнасць


Пасяджэнне паводле скаргі лідара рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алега Гулака з нагоды далучэння яго да спісу невыязных перанеслі на нявызначаны тэрмін. “Зацягваюць пытанне разгляду. Я разумею, што тут дыктуюць абставіны ўжо не самі суддзі, а тыя, хто камандуе імі, у прыватнасці, Міністэрства юстыцыі”, – гаворыць праваабаронца.

Пасяджэнне мела адбыцца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 6 красавіка. “Аднак мне патэлефанавала сакратар суда і паведаміла, што пасяджэнне перанеслі. Нібыта ў гэты дзень суддзя, якая мусіла весці пасяджэнне, праводзіць прыём грамадзянаў. Дзень, на які пасяджэнне перанеслі, мне не паведамілі”, – сказаў Гулак. Ён зазначыў, што згодна з законам скарга мусіць быць разгледжаная цягам месяца.

Пра тое, што ён стаў часова невыязным з краіны, старшыня БХК даведаўся 13 сакавіка ў аддзеле грамадзянства і міграцыі Фрунзенскага РУУС Менску, куды звярнуўся наўмысна, каб удакладніць свой статус. Высветлілася, што пра забарону на выезд хадайнічала Міністэрства юстыцыі – нібыта на Гулака пададзены грамадзянскі пазоў. Аднак ні пра які пазоў праваабаронца не ведае.

Паводле яго, адказчыкамі ў судзе мусяць быць Міністэрства ўнутраных справаў як орган, што захоўвае базу асобаў, якім часова абмежаваны выезд за мяжу, і Міністэрства юстыцыі, з ініцыятывы якога Гулак далучаны да гэтай базы. “Відавочна, што прынятае неабгрунтаванае незаконнае рашэнне, і што рана ці позна прыйдзецца за гэтую памылку адказваць. У законе гаворыцца, што службовыя асобы персанальна адказваюць за падаванне непраўдзівай інфармацыі ў базу звестак”, – падкрэсліў Гары Паганяйла.

belsat.eu

Стужка навінаў