Каваленку накіравалі ў «Навінкі» (Дапоўнена)


Судовая калегія Віцебскага абласнога суда 10 красавіка прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару. У найбліжэйшы час апазіцыянер будзе адпраўлены ў Рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу ў Навінках, што ля Менску.

Да атрымання вынікаў экспертызы разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі на прысуд суда Першамайскага раёну Віцебску прыпынены. Пра гэта паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на разглядзе касацыйнай скаргі.

“Суд прыняў гэтае рашэнне на ўласную ініцыятыву. Быццам бы, паўсталі рознагалоссі: калі Сяргей быў у Менску, псіхіятр выдаў яму выснову пра тое, што ён адэкватны, а ў псіхіятрычным аддзяленні калоніі “Віцьба-3” псіхіятр лічыць, што ў яго разлад здароўя”, – распавёў Стэфановіч.

Праваабаронца кажа, што экспертыза мусіць даць адказ на пытанні: ці не пакутаваў Каваленка на псіхічнае захворванне ў момант здзяйснення крымінальнага злачынства, 7 студзеня 2010 г., ці мог ён асэнсоўваць свае дзеянні; ці пакутуе падсудны на псіхічнае захворванне цяпер; ці патрэбныя яму захады прымусовага лячэння; ці мае Каваленка індывідуальныя асаблівасці псіхічнага стану.

Дзень наступнага судовага разбору не прызначаны.

Нагадаем, апазіцыянер абскарджвае прысуд, вынесены яму 24 лютага судом Першамайскага раёну Віцебску пад старшынёўствам Алены Жук. Суд прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску, – 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 г. і з таго часу застаецца ў зняволенні.

На знак пратэсту супраць дзеянняў уладаў актывіст КХП БНФ абвесціў галадоўку, падчас якой страціў палову сваёй вагі. Цяпер, паводле ягонай жонкі Алены, ён важыць каля 45 кілаграмаў замест ранейшых 83. Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у псіхіятрычным аддзяленні шпіталю на тэрыторыі віцебскай папраўчай калоніі “Віцьба-3”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары