Пайшла з жыцця Арына Вячорка


У Вільні ўвечары 9 красавіка памерла Арына Вячорка. 14 красавіка ёй споўніўся б 51 год.

Як паведаміў ейны сын Франак Вячорка, у маці адбыўся інсульт 4 красавіка ў Вільні, дзе яна перасаджвалася на авіярэйс у Барселону. “Ёй адразу ж выклікалі хуткую дапамогу і даставілі ў віленскі шпіталь. Аднак 5 красавіка ў яе адбыўся паўторны інсульт. Дактары змагаліся за ейнае жыццё, але нічога зрабіць не змаглі”, – сказаў Франак.

Ён адзначыў, што цяпер вырашаецца пытанне аб дастаўцы цела Арыны Вячоркі ў Беларусь. “Пакуль мы не ведаем, дзе адбудзецца грамадзянская паніхіда, дзе яна будзе пахаваная”, – сказаў Франак.

Арына Вячорка – беларускі педагог, грамадскі і культурны дзеяч, ініцыятар адраджэння рыцарскага руху і гістарычнай музыкі Беларусі.

З адукацыі матэматык. Скончыла аспірантуру пры БДУ паводле спецыяльнасці “гісторыя педагогікі”, а таксама Вышэйшую школу грамадскіх прафесіяў паводле спецыяльнасці “менеджар культуры” (Познань).

У 1993 г. заснавала рыцарскі рух Беларусі. Стваральнік і кіраўнік Беларускага рыцарскага клубу, пазней клубу “Вялікае Княства”.

Стваральнік першага праекту гістарычнай музыкі “Легенды Bялікага Kняства” (2000–2001), альбому гістарычнай музыкі “Старажытная зямля” (2005), серыі “Беларуская музычная калекцыя”: “Постфольк”, “Музыка Вялікага Княства Літоўскага”, “Беларускі музычны авангард”, “Спевы Беларусі”, “Мэдываль” і шэрагу іншых.

Арганізатар больш чым 100 канцэртаў старажытнай і фальклорнай музыкі.

Прадзюсар гурта “Стары Ольса”, музычнага праекту “Вір”. Кансультант музычнага праекту “Гістарычны эпас”, фільму “Старажытныя музычныя інструменты Беларусі”.

Намеснік дырэктара ТАА “Новая музычная кампанія” (2007–2009), намеснік дырэктара выдавецтва “Каўчэг” (з 2009 г.). Каардынатар міжнародных праектаў Дому сустрэчаў “Мікушэва” (Польшча, з 2011 г.). Адна з кіраўнікоў этнагістарычнага цэнтру “Явар”, супрацоўнічала з Белдзяржфілармоніяй, Моладзевым тэатрам эстрады. Аўтар праекту “Ноч музыкі” ў Белдзяржфілармоніі (2010).

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары