2012-ы абвесцілі Годам культурнага турызму


Пра гэта паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Чэслаў Шульга.

Паводле яго, такое рашэнне прынялі ў звязку з тым, што сёлета адзначаецца шэраг важных датаў для культуры Беларусі: 125 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала, 130 гадоў з дзён нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, 1150 гадоў Полацку.

Чэслаў Шульга паведаміў, што ў 2012 г. плануецца зрабіць 10 найбольш запатрабаваных маршрутаў «узорна-паказальнымі» для Беларусі, у тым ліку Менск – Нясвіж, Менск – Мір, маршруты, звязаныя з Полацкам (другім пасля Менску паводле запатрабаванасці горадам Беларусі) і Віцебскам, дзе праходзіць фестываль «Славянскі базар». «Мы разлічваем, што цягам года падцягнем гэтыя 10 маршрутаў ва ўсіх адносінах: і ў інфармацыйным, і па абсталяванню малымі архітэктурнымі формамі», – заявіў чыноўнік.

Паводле яго, асаблівую ўвагу нададуць Нясвіжу і Міру. Гэтак, Нясвіж у 2012 г. абвяшчаюць культурнаю сталіцаю Беларусі, у звязку з чым у горадзе зладзяць шэраг важных імпрэзаў. Бліжэйшым часам адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Нясвіжскага палацава-паркавага ансамблю. У Мірскім замку новыя залы для наведнікаў адкрылі яшчэ летась. У абодвух знакавых месцах Беларусі, паведаміў намеснік міністра, сёлета чакаецца рост колькасці турыстаў – і для іх створаныя ўсе ўмовы. Ужо першыя месяцы года паказалі рост колькасці турыстаў «у разы» ў параўнанні з папярэднімі гадамі, адзначыў Шульга.

belsat.eu
https://youtu.be/hw1ENzRdf04

Глядзі таксама
Каментары