Заўтра разгляд касацыйнай скаргі ў справе Сяргея Каваленкі


«Калі суд адмовіцца адмяніць ранейшы вырак, то можна будзе зрабіць выснову, што Сяргея наўмысна марудна забіваюць», – заявіла «Белсату» жонка палітвязня Алена Каваленка.

Жанчына гаворыць, што стан Сяргея не такі «стабільны», як пра тое гавораць турэмныя медыкі: «Я бачылася з ім у мінулы чацвер, Сяргей вельмі слабы, худы, ляжыць з гэтаю трубкай у носе. Ён мне шмат распавёў таго, што насамрэч з ім адбываецца і пра што не гаварыць турэмны лекар».

Алена Каваленка ўпэўненая, што адваката сёння да Сяргея не пусцілі таму, што не хочуць, каб інфармацыя пра стан здароўя вязня выходзіла за сцены турмы. Хоць афіцыйна адвакату паведамілі, што сустрэча з падабаронным не магчымая з-за таго, што галадоўніку «толькі што паставілі кропельніцу».

Паводле жонкі, Сяргей Каваленка па-ранейшаму адмаўляецца спыняць галадоўку, таму кормяць яго прымусова, а каб вязень не вырываў зонд, яго прывязваюць да ложка.

Алена Каваленка прызнаецца, што станоўчых спадзяванняў на заўтрашні дзень не мае, хоць вельмі хацела б, каб суд задаволіў касацыю. «Але, хутчэй за ўсё, яны на гэта не пойдуць. І Сяргея ў суд не прывязуць, хоць ён і пісаў заяву, што хоча прысутнічаць на разглядзе касацыі», – гаворыць спадарыня Каваленка.

Актывіст «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Сяргей Каваленка галадае на знак пратэсту супраць прысуду – 2 гады і адзін месяц калоніі за парушэнне так званай хатняй хіміі, на якую яго асудзілі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга. Разгляд касацыйнай скаргі ў справе палітвязня пачнецца 10 красавіка а 9:30 у Віцебскім абласным судзе.

belsat.eu

Стужка навінаў