Канец паветраных войнаў?


Беларусь і Расея дамовіліся, што кожны з бакоў будзе выконваць пяць авіярэйсаў паміж Масквой і Менскам штодня, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін па выніках перамоваў з расейскім бокам.

«Мы знялі ўсе рознагалоссі ў галіне пасажырскіх авіяперавозак і дамовіліся, што ў летні перыяд будзем лётаць з частатою пяць на пяць: пяць з беларускага і пяць з расейскага боку», – цытуе віцэ-прэм’ера дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БЕЛТА».

Паводле яго, галоўнае, на што арыентаваліся бакі падчас перамоваў, – гэта інтарэсы пасажыраў. «Галоўнае для авіяперавозчыка – выгада пасажыраў. Трэба даць столькі частотаў, каб і бізнес-супольнасці, і турысты, і іншыя грамадзяне маглі свабодна і ў любы час ажыццяўляць палёты. Эканамічнае пытанне – другаснае», – адзначыў Анатоль Калінін.

Ён дадаў, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці будуць аформленыя ў выглядзе дадатковага пагаднення да беларуска-расейскага міжурадавага пагаднення ад 1997 г.

Нагадаем, дамоўленасць пра сённяшнія перамовы ў Менску была дасягнутая падчас тэлефоннай гутаркі віцэ-прэм’ера Беларусі Анатоля Калініна з міністрам транспарту РФ Ігарам Лявіціным.

Расейскі бок на перамовах рэпрэзентавалі намеснік міністра транспарту Валерый Акулаў і кіраўнік Федэральнага агенцтва паветранага транспарту («Росавиация») Аляксандр Нярадзька.

Авіяцыйны канфлікт разгарэўся 26 сакавіка, калі «Росавиация» нечакана адклікала дазвол на палёты самалётаў нацыянальнай кампаніі «Белавія» ў Маскву. Беларусь, у сваю чаргу, забараніла самалётам расейскіх авіякампаніяў лётаць у Менск. Авіязносіны спыніліся на чатыры гадзіны і аднавіліся пасля дамоўленасці бакоў працаваць у ранейшым рэжыме да 12 красавіка і паралельна весці перамовы.

Прычынаю канфлікту сталася колькасць рэйсаў па маршруце Менск – Масква: расейскі бок настойваў на іх павелічэнні да пяці, беларускі – на парытэце з чатырох рэйсаў. Планы Расеі павялічыць лік палётаў у Менску разглядаюць як спробу атрымаць перавагу на беларускім рынку авіяперавозак. Беларускі бок таксама заяўляе, што арганізацыя пятага рэйсу ў Расею яму эканамічна не выгадная.

У сваю чаргу расяяне заяўлялі, што дзейнае паміж Расеяй і Беларуссю пагадненне аб паветраных зносінах састарэла і не адпавядае дамоўленасцям аб Агульнай эканамічнай прасторы, а таксама нормам Мытнага саюзу.

Першы раўнд перамоваў авіяцыйных уладаў дзвюх краінаў прайшоў 29–30 сакавіка, другі – 5 красавіка, аднак развязаць канфліктнай сітуацыі не атрымалася. 5 красавіка сталася вядома, што Беларусь праінфармавала авіяцыйныя ўлады Расеі пра намер з 13 красавіка ў аднабаковым парадку скараціць лік рэйсаў расейскіх авіякампаніяў з Масквы ў Менск. У адказ на гэта расейскі бок абвесціў, што з 13 красавіка ўводзіць забарону на ажыццяўленне кампаніяй «Белавія» палётаў у расейскія рэгіёны. Беларускай авіякампаніі дазволеныя толькі рэйсы ў Маскву.

Каментуючы ў той жа дзень сітуацыю, генеральны дырэктар нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў заявіў, што расейскія авіяцыйныя ўлады выказваюць непавагу да Беларусі і абсалютнае неразуменне інтарэсаў пасажыраў.

Прадстаўнікі «Белавія» таксама падкрэслілі: калі кампаніі забароняць палёты ў рэгіёны Расеі, яна будзе дамагацца скарачэння ліку рэйсаў паміж Масквой і Менскам да двух з кожнага боку, прычым скарачэння з расейскага боку за кошт кампаніі «Аэрофлот», бо менавіта яна выступае за забарону палётаў для «Белавія» ў рэгіёны Расеі.

Намеснік гендырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец таксама заяўляў, што кампанія разглядае магчымасць звароту ў суд з нагоды дзеянняў Федэральнага агенцтва паветранага транспарту Расеі «ў звязку з грубым парушэннем палажэнняў міжурадавага пагаднення ў галіне грамадзянскай авіяцыі ды паветраных зносінаў».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары