Уладзімір Някляеў у «Гарачым каментары»


Новы тыдзень у Беларусі пачаўся з новых судовых выракаў. 1,5 года строгага рэжыму для былога палітвязня Аляксандра Малчанава і Арцёма Ігнацікава, па 10 дзён арышту – для «маладафронтаўцаў» Міхаіла Мускага і Змітра Крамянецкага. Асуджаныя сваёй віны не прызналі ды заявілі пра несправядлівы і палітычны характар прысудаў.

Чарговую кропку ў шматкроп’і палітычнага пераследу Аляксандра Малчанава паставілі сёння ў Жодзіна. Суддзя Іван Грыневіч агучыў вырак палітвязню і ягонаму сябру Арцёму Ігнацікаву – кожнаму 1,5 года калоніі паводле абвінавачання ў крадзяжы металалому з тэрыторыі мясцовага заводу цяжкіх штамповак. Асуджаных затрымалі на тэрыторыі закінутага заводу, якая не ахоўваецца, падчас збірання закінутых іржавых металічных прадметаў. Паводле Малчанава, гэткім чынам ён быў вымушаны шукаць сродкаў на існаванне, бо не мог уладкавацца на працу праз тое, што быў пад судом за Плошчу. Яго не бралі нават грузчыкам. Грамадскі актывіст атрымаў тры гады зняволення за тое, што 19 снежня 2010 г. падчас паслявыбарчых пратэстаў у Менску вывесіў на будынку КДБ бел-чырвона-белы сцяг. За кратамі адседзеў восем месяцаў, пасля чаго ў верасні 2011 г. быў памілаваны. А ўжо ў лістападзе на Малчанава завялі яшчэ адну крымінальную справу – нібыта за знявагу дзяржаўных сімвалаў, аднак ягоную віну тады даказаць не ўдалося.

Паводле былога палітвязня Уладзіміра Някляева, прысуд Малчанаву – вельмі трывожная з’ява, бо яшчэ нікога з асуджаных паводле «справы 19 снежня» не судзілі другі раз.

«Заўтра будзе суд над Паўлам Вінаградавым, суды над «маладафронтаўцамі» – усё гэта напярэдадні выканання абяцання Лукашэнкі выпусціць некага з палітвязняў. Я не думаю, што гэта супадзенне, а прадуманасць. Лукашэнка хоча давесці, што вызваляе некага з палітвязняў не пад ціскам Еўразвязу, а сыходзячы са «справядлівасці», – мяркуе Уладзімір Някляеў.

Паводле палітыка, усе дзеянні Аляксандра Лукашэнкі скіраваныя не на замежных палітыкаў, а перадусім на ўласны электарат. З гэтага і вынікаюць позвы «абураных працоўных» супраць палітыкаў, якія заклікалі да ўвядзення санкцыяў супраць уладаў.

belsat.eu

Стужка навінаў