Сябры «Маладога фронту» атрымалі па 10 дзён арышту


Маладзёнаў судзілі ў Ленінскім раённым судзе Менску.

Змітра Крамянецкага і Міхася Мускага затрымалі 7 красавіка на станцыі метро «Купалаўская». Падставаю для затрымання сталася нашыўка «Малады фронт», якая была на заплечніку аднаго з хлопцаў. У пастарунку затрыманых за адмову прайсці асабісты дагляд без панятых моцна збілі міліцыянты.

Пра гэта маладзёны распавялі на судзе і запатрабавалі, каб ім аказалі медычную дапамогу. Аднак суддзя Марына Запаснік, што разглядала справу Міхася Мускага, хадайніцтва адхіліла і прыняла рашэнне пакараць маладафронтаўца адміністратыўным арыштам. Паводле паплечнікаў хлопца, яшчэ да пачатку паседжання Міхась Мускі заявіў, што ў выпадку пакарання арыштам абвесціць галадоўку.

Суддзя Міхаіл Хома, які вёў справу Змітра Крамянецкага, выклікаць «хуткую» пагадзіўся. «Афіцыйна падставаю для агляду медыкамі стаўся павышаны ціск у Змітра Крамянецкага. Таксама ў маладафронтаўца падазравалі чэрапна-мазгавую траўму. Бо падчас збіцця ў пастарунку ён згубіў прытомнасць. Да таго ж усе выходныя, пакуль маладафронтаўцаў трымалі на Акрэсціна, медычнай дапамогі Змітру ніхто не аказваў», – распавяла «Белсату» праваабаронца Наста Лойка.

Аднак пасля агляду ў шпіталі падазрэнне на чэрапна-мазгавую траўму не пацвердзілася, і Змітра зноў прывезлі ў суд. Маладзёна таксама пакаралі адміністратыўным арыштам на 10 дзён.

belsat.eu

Стужка навінаў