БХД падасць скаргу ў ААН


Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся разглядаць скаргу аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў дачыненні Міністэрства юстыцыі наконт нерэгістрацыі партыі. Пра гэта заявіў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго, прычынаю для адмовы ў разглядзе скаргі сталася тое, што яе падпісаў толькі Садоўскі. «На з’ездзе было вырашана, што ў судзе партыю рэпрэзентуюць чатыры чалавекі: адказны сакратар і тры сустаршыні партыі. Скаргу падпісаў адзін я, а не чатыры чалавекі. На гэтай падставе суд лічыць, што ён не можа прыняць скаргу да разгляду», – сказаў актывіст.

Пры гэтым, зазначыў ён, у законе нідзе не гаворыцца, колькі ўпаўнаважаных чалавек мусяць падпісаць скаргу. «Паводле закону «Аб палітычных партыях», прадстаўнікі партыяў, якіх упаўнаважыў на гэта з’езд, могуць падаць скаргу ў Міністэрства юстыцыі ды аспрэчыць рашэнне ў Вярхоўным судзе. Аднак ні ў якім законе не ўказваецца, колькі чалавек мусяць падпісаць гэтую скаргу», – заявіў Садоўскі.

«Гэта поўнае бязладдзе як з боку Вярхоўнага суда, так і з боку Міністэрства юстыцыі, якое не зарэгістравала партыю. Адназначна, што гэта палітычная замова не рэгістраваць БХД», – упэўнены актывіст.

Сустаршыня аргкамітэту для стварэння БХД Віталь Рымашэўскі зазначыў, што падчас мінулай спробы рэгістрацыі БХД назіралася цалкам супрацьлеглая карціна. «12 верасня 2010 года ў Менску адбыўся ўстаноўчы з’езд для стварэння партыі БХД. 30 кастрычніка БХД атрымала ліст з Міністэрства юстыцыі аб рашэнні адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі. 1 снежня мы абскардзілі гэта рашэнне ў судзе. Суд мусіў прыняць рашэнне аб разглядзе гэтай справы ў месячны тэрмін. Але 19 снежня здарыліся вядомыя падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі, і адзін з сустаршыняў БХД, Павел Севярынец, апынуўся ў следчым ізалятары КДБ. Мы адпраўлялі запыт у Вярхоўны суд з тым, каб Севярынца вызвалілі – хаця б на час, для таго каб ён мог падпісаць позвавую заяву. Але тады ВС адказаў, што не мае значэння, ці будзе прысутнічаць Севярынец на судзе і ці падпіша ён гэтую заяву, бо ёсць і іншыя ўпаўнаважаныя ад аргкамітэту з’езду. Цяпер, атрымліваецца, ВС прымае рашэнне, якое супярэчыць папярэдняму рашэнню», – заявіў Рымашэўскі.

«Адною з мэтаў нашых спробаў рэгістрацыі, – падкрэсліў ён, – было даказаць, што ў Беларусі адсутнічае прававая судовая сістэма, а тое, што адбываецца, – гэта здзек з правасуддзя. Мы заяўляем, што гэтымі чатырма адмовамі ў рэгістрацыі нашай партыі груба парушаны Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаны Беларуссю, і падаем калектыўную скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН».

Першая спроба рэгістрацыі БХД адбылася ў 2009 г., яшчэ дзве – у 2010-м, чацвёртая – у 2011-м. Спробы абскардзіць адмовы ў рэгістрацыі ў судзе былі безвыніковыя.

belsat.eu
https://youtu.be/Z23ZnCPvoSo

Глядзі таксама
Каментары