Лукашэнка: Каталіцкая царква яўна недапрацоўвае


Аляксандр Лукашэнка разлічвае на больш актыўную ролю Каталіцкай царквы ў наладжванні дачыненняў паміж Беларуссю і Заходняю Еўропаю. Пра гэта ён заявіў 9 красавіка на сустрэчы з амбасадарам Мальты Паўлем Фрыдрыхам фон Фургэрам у сувязі з завяршэннем ягонай дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

“Канечне, скажу шчыра, мы разлічвалі на большае ў супрацы з Каталіцкаю царквой. Мы лічым, што Каталіцкая царква яўна недапрацоўвае ў наладжванні дачыненняў Беларусі з Заходняю Еўропаю, я нават не кажу ў цэлым пра Еўрапейскі Звяз – вядома, хто там першая скрыпка. Таму нам бы хацелася праз вас данесці гэты сігнал”, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Звяртаючыся да пасла, кіраўнік дзяржавы адзначыў: “У вас сур’ёзны ўплыў у Святым прастоле, там ёсць шмат уплывовых людзей, якія мусяць урэшце паглядзець, што ж адбываецца ў дачыненнях з краінаю, дзе другая паводле велічыні на постсавецкай прасторы канфесія каталіцкая і дзе жывуць добрыя людзі, якія хочуць жыць у дружбе з Заходняю Еўропай”.

“Вашая місія тут была скіраваная толькі на ўмацаванне сяброўства паміж Беларуссю і Мальтыйскім ордэнам. Прапрацаваўшы тут восем гадоў, вы заклалі аснову добрых дачыненняў паміж намі”, – лічыць Лукашэнка. Ён выказаў пэўнасць у тым, што новы пасол Мальтыйскага ордэну будзе кіравацца тымі ж прынцыпамі.

Лукашэнка падзякаваў дыпламату за прасоўванне ў Беларусі чарнобыльскіх праграмаў, за дапамогу – найперш дзецям, а таксама за праекты ў галіне аховы здароўя і культуры. “Калі вы бачылі, што можаце ў чымсьці дапамагчы, вы гэта рабілі. Гэта дарагога каштуе. Мы б хацелі, каб у нас усе заходнія паслы працавалі ў гэтым рэчышчы, наладжваючы добрыя дачыненні з Беларуссю”, – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

У сваю чаргу Паўль Фрыдрых фон Фургэр заявіў, што Мальтыйскі ордэн у межах сваіх магчымасцяў імкнуўся ўплываць на дыялог паміж Беларуссю і заходнім светам.

belsat.eu

Стужка навінаў