Уладзімір Мацкевіч: Уладам выгадна падымаць тэму санкцыяў


Магчымасць увядзення санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні афіцыйнага Менску ў руках беларускай афіцыйнай прапаганды сталася зброяй супраць дэмакратычнай апазіцыі. Палітолаг Уладзімір Мацкевіч падкрэслівае, што гэта не адзіны спосаб для ўладаў Беларусі выкарыстаць тэму санкцыяў на сваю карысць.

“Праблематыку санкцыяў, якіх няма, якія абмяркоўваюцца і яшчэ будуць безвынікова абмяркоўвацца ў Еўразвязе, вельмі карысна ўздымаць менавіта ўраду Беларусі. Будуць санкцыі, ці не будуць – улады будуць рабіць выгляд, што яны ёсць, і спісваць на санкцыі свае эканамічныя памылкі”, – гаворыць Уладзімір Мацкевіч. Ён таксама падкрэсліў, што засяродзіўшы ўвагу на санкцыях, пасварыўшы паміж сабою дэмакратычных лідараў і лідараў грамадзянскай супольнасці, улады дамагаюцца таго, каб яны “не займаліся тым, чым мусяць займацца, – палітычнаю дзейнасцю, вырашэннем сапраўды істотных пытанняў”.

Пры гэтым узмацініўся ціск на дэмакратычную апазіцыю на інфармацыйным полі. Праўладная арганізацыя “Белая Русь” прапаноўвае прыпыняць дзейнасць палітычных партыяў, чые лідары заклікаюць да санкцыяў у дачыненні Беларусі. Працаўнік ААТ “Горадня Азот” падаў пазоў супраць Дзмітрыя Уса за заклікі ўвесці санкцыі, раней падобны пазоў падала працаўніца Мазырскага НПЗ супраць Віктара Івашкевіча, а ейную пазіцыю падтрымаў прафкам прадпрыемства. Усе гэтыя факты шырока асвятляюцца ў дзяржаўных медыях.

“Мне было заўсёды дзіўна, пачынаючы з першых заклікаў да ўвядзення санцкцыяў ад імя палітыкаў, што гэтыя палітыкі не разумеюць, што самі капаюць сабе яму, – гаворыць Уладзімір Мацкевіч. – Кожны палітык мусіць разумець, што ягоныя заклікі да санкцыяў не паўплываюць на пазіцыю Еўразвязу. Меркаванняў у беларускім грамадстве шмат, і еўрапейцы выслухоўваюць, але прымаючы рашэнні, абапіраюцца на свае інтарэсы і магчымасці”.

belsat.eu

https://youtu.be/Mmr7YSScgiE

Глядзі таксама
Каментары