У Менску затрыманыя два актывісты “Маладога фронту”


Як паведамляе сайт “МФ”, затрыманне адбылося на станцыі метро “Купалаўская”, дзе два сябры арганізацыі чакалі цягніка. Да актывістаў падышлі два супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі прайсці з імі для агляду. Крамянецкі і Мускі адмовіліся праходзіць агляд без панятых і папрасілі супрацоўнікаў міліцыі назваць сябе, на што апошнія, паводле слоў відавочцаў, адказалі нецэнзурна.

Мяркуючы па ўсім, прычынай затрымання стала нашыўка з эмблемай “Малады фронт” на рукзаку аднаго з актывістаў — з малюнкам бел-чырвона-белага сцяга і крыжа Ефрасінні Полацкай.

Маладзёжных актывістаў спачатку даставілі ў апорны пункт міліцыі на станцыі метро “Купалаўская”. Яны паспелі паведаміць сваім таварышам па тэлефоне, што ў іх апісваюць асабістыя рэчы. Калі Міхаіл Мускі паспрабаваў выйсці ў туалет, адзін з міліцыянераў паваліў яго на падлогу і пачаў біць нагамі, а затым прыкаваў наручнікамі да батарэі, паведамляе сайт “МФ”.

Прыкладна ў 22.00 Крамянецкага вывелі з апорнага пункта, але калі ён убачыў сваіх таварышаў па “Маладым фронце”, якія падышлі туды, і памахаў ім рукой, то павялі назад. Некалькі панятых, якія затым выйшлі з пункта, паведамілі актывістам “МФ”, што Крамянецкага і Мускага затрымалі нібыта за распаўсюджванне наклеек у метро.

Паводле звестках, якія маюцца, на затрыманых складзены пратаколы па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — за нецэнзурную лаянку. У 22.40 Мускага і Крамянецкага вывелі з апорнага пункта ў наручніках, на іх адзенні бачныя былі адбіткі ботаў, паведамляе МФ”. Хутчэй за ўсё, маладафронтаўцаў даставілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна і ў панядзелак будуць судзіць.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары