“Neuro Dubel” зграў на сядзібе БНФ


Забароненыя на любой афіцыйнай пляцоўцы вакалісты гурта Аляксандр Кулінковіч і Юрась Навумаў згралі акустычны канцэрт з найлепшых песень.

Паводле Кулінковіча, забарона на выступ “Neuro Dubel’а” і іншых гуртоў не мае сэнсу і толькі шкодзіць уладам. Спявак падкрэслівае, што ягоны гурт ніколі не выступаў на якім-небудзь палітычным баку.

“Мы – гурт, які ніколі не спяваў пра палітыку, і спяваць не збіраецца. Што б з намі ні рабілі ды як бы аб нас не выціралі ног. Але меркаванне публікі ўвесь час сыходзіцца на палітыцы. Дык навошта палітычна непісменных людзей прымушаць палітыкаю займацца?” – рытарычна пытаецца Аляксандр Кулінковіч.

Пакуль што музыкі чакаюць адказу: чаму яны не могуць выступаць? Лідар “Neuro Dubel’а” падкрэсліў, што не збіраецца з’язджаць з краіны, бо тут “вочы маёй публікі, іх хачу бачыць і буду змагацца да апошняга, каб яны заставаліся са мною”.

Выступ арганізаваў праект “Рок-салідарнасць” – кампанія салідарнасці з музыкамі з “чорнага спісу”. Паводле арганізатараў, забароненыя музыкі застаюцца ў інфармацыйным вакууме і не ведаюць нават, ці памятаюць пра іх слухачы. Наступная падобная сустрэча адбудзецца ў аўторак, 10 красавіка. Госцем будзе Алесь Таболіч – лідар гурта “Znich”.

belsat.eu

Стужка навінаў