Да правакацыяў рыхтуюцца і міліцыя, і апазіцыя


Усяму віною заява кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея.

За тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў беларуская міліцыя пераходзіць на ўзмоцнены рэжым. Стварылі аператыўныя штабы, якія будуць працаваць 24 гадзіны на дзень, узмацнілі аператыўна-следчыя групы, якія маюць своечасова і эфектыўна рэагаваць на сітуацыю ў краіне. Пра гэта паведамляе сайт МУС.

Пра тое, што міліцыянтам трэба быць гатовымі да правакацыяў, заявіў у эфіры тэлеканалу “РТР-Беларусь” кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Паводле чыноўніка, ужо вядома, што беларуская апазіцыя 19 снежня на плошчы не збіраецца паводзіцца мірна. “Рыхтуюцца групы баевікоў, набываюцца цёплыя рэчы, піратэхнічныя і нават выбуховыя рэчывы”, – заявіў Уладзімір Макей.

Беларуская апазіцыя, у сваю чаргу, упэўненая, што правакацыі рыхтуе ўлада. Кандыдат на прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук ужо запатрабаваў ад сілавікоў, каб яны правялі расследаванне паводле заявы Уладзіміра Макея і прыцягнулі да адказнасці або тэрарыстаў (калі такія сапраўды знойдуцца), або кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта “за распаўсюд ілжывых звестак”.

Лідар сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч паведаміў “Белсату”, што рыхтуе відэазварот да беларускай міліцыі, аднак падрабязнасці пакуль трымае ў таямніцы.

belsat.eu

Стужка навінаў