КДБ раскрыў міжнародную злачынную групу


Як паведамляе Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэту дзяржбяспекі, “учора, 6 красавіка, былі затрыманыя чальцы групоўкі, якая займалася крадзяжом мінеральных угнаенняў і вывазам іх у краіны Еўразвязу ды іншыя дзяржавы”.

Паводле інфармацыі ЦІГС КДБ, у межах распачатай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 228 КК (кантрабанда) затрымалі арганізатара злачыннай схемы, а таксама актыўных удзельнікаў незаконнай дзейнасці, у тым ліку дваіх грамадзянаў Літоўскай Рэспублікі. Усіх падазраваных змясцілі ў СІЗА КДБ.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, падчас следчых і аператыўна-вышуковых дзеянняў усталявалі, што калійныя ўгнаенні выкрадаліся паводле загадзя распрацаванай схемы “пры ўдзеле пэўных службовых асобаў”. У прыватнасці, паводле інфармацыі ЦІГС, угнаенні афармляліся для атрымання гаспадаркамі беларускага аграпрамысловага комплексу і потым вывозіліся на велікагрузным аўтатранспарце ў розныя раёны краіны. Для вывазу за межы Беларусі калійныя ўгнаенні афармляліся як груз, які належыць “Уралкалію”, а затым рэалізоўваліся ў краінах ЕЗ па 400–500 долараў ЗША за тону.

“У склад злачыннай групы ўваходзілі жыхары Віцебскай, Менскай, Магілёўскай, Берасцейскай вобласцяў, а таксама грамадзяне Расеі ды Літвы, – гаворыцца ў прэс-рэлізе. – Пры ажыццяўленні супрацьпраўнай дзейнасці імі выконваліся строгія захады засцярогі ды канспірацыі”.

“Падчас правядзення неадкладных следчых дзеянняў на шэраг памяшканняў, у якіх складавана яшчэ каля 3 тыс. тонаў угнаенняў, накладзены арышт. У розных рэгіёнах краіны падчас вобшукаў канфіскавалі дакументы, якія сведчаць пра намер затрыманых маштабнага вывазу мінеральных угнаенняў з тэрыторыі Беларусі”, – паведамляе ЦІГС.

У КДБ заяўляюць, што працягваюць аператыўна-вышуковыя дзеянні дзеля выяўлення іншых удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы ды прыцягненні іх да ўсталяванай законам адказнасці.

“З мэтаю поўнага і аб’ектыўнага расследавання крымінальнай справы камітэт арганізаваў узаемадзеянне з праваахоўнымі органамі ды спецслужбамі зацікаўленых дзяржаваў”, – гаворыцца ў паведамленні для прэсы.

belsat.eu

Стужка навінаў