Скандал з «Экспабелам»: з'явіўся абразлівы ліст пра Шумчанку


Прадпрымальнікаў прымушаюць пісьмова абразіць свайго абаронцу.

Адміністрацыя ГЦ «Экспабел» прапанавала сваім арандатарам падпісаць падзяку на яе адрас, у якім утрымліваецца характарыстыка лідара прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі, дзе ён названы «запальчывым, выкрутлівым ды ілжывым».

Паводле самога Шумчанкі, аднаго з прадпрымальнікаў, які страціў месца на другім паверсе ГЦ «Экспабел», выклікалі ў адміністрацыю цэнтру і папрасілі раздаць арандатарам копіі ліста, які тыя мусяць падпісаць.

У тэксце гаворыцца: «Усе мы глыбока шкадуем пра тое, што сталі інструментам уздзеяння ў чужых руках і падпарадкаваліся волі завадатараў (у якасці завадатара называецца Шумчанка – belsat.eu). Выказваем падзяку арэндадаўцам за фінансавае падтрыманне арандатарам, якое выявілася ў пакіданні выдаткаў на ўтрыманне аб’ектаў арэнды ў крызісны час на нізкім узроўні ў параўнанні з іншымі гандлёвымі цэнтрамі цягам больш як паўгода».

Да заявы прыкладаецца і характарыстыка самога Шумчанкі, у якой згадана, што ён сем разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці і адзін раз – да крымінальнай. Таксама яго называюць «запальчывым, выкрутлівым ды ілжывым».

На ўчорашнім паседжанні суд дазволіў пазоўнікам, якія выступілі супраць адміністрацыі «Экспабелу», працаваць на сваіх месцах. Прадпрымальнікі не згаджаюцца плаціць за арэнду месца ў калідоры, куды яны выстаўляюць манекены. Такім чынам кіраўніцтва гандлёвага цэнтру вырашыла вярнуць сабе страты, панесеныя праз крызіс.

«Адміністрацыя паказала свой нізкі бок. Не бачу пакуль ніякіх подпісаў. Паводле маёй інфармацыі, прадпрымальнікі адмаўляюцца падпісваць. Калі я даведаюся, што яны падпісаліся пад маёй характарыстыкаю, буду падаваць у суд позвы ў звязку з абаронаю гонару і годнасці. Я даведаюся прозвішчы і так проста гэта не пакіну», – пракаментаваў сітуацыю Шумчанка.

belsat.eu

Стужка навінаў