Павэл Казанэцкі ў «Гарачым каментары»


Афіцыйны Менск гатовы да вяртання еўрапейскіх амбасадараў у Беларусь. Акрамя гэтага разглядаецца і магчымасць вяртання беларускіх амбасадараў у дзяржавы Еўразвязу. Апроч гэтага, улады краіны агучылі, што будуць разгледжаныя справы аб памілаванні некаторых палітвязняў.

У сваю чаргу Брусель не называе дакладнага дня вяртання амбасадараў у Беларусь. Агучана толькі, што амбасадары будуць вяртацца ў Менск скаардынавана – гэтак жа, як і пакідалі краіну.

Беларусь вырашыла пайсці на саступкі ды скончыць канфлікт, які распачаўся 28 лютага з высылкі амбасадараў з краіны.

Паводле сябра рады “Усходнееўрапейскага цэнтру дэмакратыі”, амбасадары найхутчэй вернуцца ў Менск пасля Вялікадня.

“Працягваць гэты дыпламатычны канфлікт не было сэнсу. Самае галоўнае, што Еўропа паказала сваё адзінства. Вельмі прыкра, што за гэты час здарылася шмат непрыемных падзеяў. Але гэта не можа быць прычынаю знізіць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі. Для мяне больш важным сігналам ёсць гатоўнасць беларускага прэзідэнта выпусціць палітвязняў”, – кажа спадар Казанэцкі.

Паводле адмыслоўца, паколькі Беларусь ёсць непасрэднаю суседкаю Еўразвязу і важным гандлёвым партнёрам, працяг канфлікту не быў карысны нікому.

“Трэба разумець, што Еўропа не ўплывае на падзеі ў Беларусі, і адзіная краіна, якая штосьці вырашае, – гэта Расея. Тое, што адбылося ў Беларусі за апошні год, паказала, што рэжым мае вельмі вялікія зубы, таму я б цяпер не чакаў палітычных зменаў. Гэты канфлікт проста паказаў Еўропе, што яна ў Беларусі нічога не вырашае”, – кажа Павэл Казанэцкі.

belsat.eu

Стужка навінаў