У школу са Сталіным


У маскоўскіх кнігарнях з’явіліся сшыткі з партрэтам Іосіфа Сталіна на вокладцы. Рэкламны крок выклікаў неадназначныя каментары ў медыях.

Акрамя савецкага дыктатара, у серыі “Вялікія імёны Расеі” выдавецтва “Альт” фігуруюць палкаводцы, пісьменнікі, кампазітары ды імператары Расейскай імперыі. На адваротным баку вокладкі размешчаная кароткая біяграфія гістарычнага дзеяча.

Мэтавая група сшыткаў – перадусім школьнікі. Праваабаронцы выказваюць пратэст супраць стварэння пазітыўнага іміджу кіраўніка краіны, які забіў мільёны невінаватых людзей. Нягледзячы на гэта, продажы імкліва растуць.

“І сабе, і сям’і набыў. Я лічу, што Іосіф Вісарыёнавіч – самы вялікі чалавек у нашай гісторыі. Больш знакаміты за Леніна і ўсю іншую сволач. Вось так”, – падзяліўся жыхар расейскай сталіцы Сяргей пасля набыцця пяці сшыткаў са сваім кумірам.

Выдаўцы кажуць, што вырашылі стварыць такі сшытак, бо таксама лічаць Сталіна адным з галоўных персанажаў у расейскай гісторыі.

“У ХХ стагоддзі гэта найбольш значны кіраўнік Расеі. Да яго можна па-рознаму ставіцца: можна яго любіць, можна ненавідзець, але ці то ў сваёй геніяльнасці, ці то ў злачыннасці – гэты чалавек насамрэч вялікі. Па-мойму, гэта абсалютна бясспрэчны факт. Робячы гэткую серыю, мы не маглі выкрасліць ХХ стагоддзя – таму, натуральна, з’явіўся Сталін. Больш за тое – гэты сшытак нам абсалютна не на карысць, бо ў першую чаргу купляюць яго, і траціцца камплектнасць”, – кажа дырэктар выдавецтва “Альт” Арцём Белан.

У 2008 г. постаць Іосіфа Сталіна заняла трэцяе месца ў тэлепраекце “Імя Расеі”. Жыхары Масквы па-рознаму ставяцца да савецкага лідара.

“Пазітыўна стаўлюся, бо нашая моладзь абсалютна адбілася ад рук. Хочацца, каб яны прынамсі на яго глядзелі. І каб неяк разумелі, што каб Сталін быў цяпер, то яны не былі б такія – настаўнікаў бы не пасылалі, месцы б саступалі. За ім дысцыпліна была. Так – жорстка, згодная, шмат чаго няправільна рабіў, але разам з гэтым была павага да дарослых”, – кажа жанчына.

“Я асабіста гэтага не ўхваляю, бо мне падаецца, што спачатку пры Сталіну гісторыю пераварочвалі ў адзін бок, а цяпер, відаць, наадварот хочуць. Як на мяне – гэта прапаганда”, – кажа маладая маці і дадае, што ніколі б не купіла свайму дзіцяці гэткага сшытка.
“Камуністы згадваюць, які ён быў добры, антыкамуністы – які быў дрэнны. Зноўку гэтыя спрэчкі – ну вы чаго? Трэба сучаснасцю жыць. Потым – усе суседнія краіны яго ўспамінаюць, Прыбалтыка ўсё ніяк забыць не можа. Ужо надакучыла. Мне хочацца жыць іншым часам, каб мы сварыліся не з-за Сталіна, а з-за таго, што ўлады з нашымі грашыма робяць”, – кажа малады чалавек.

belsat.eu
https://youtu.be/4ZZNJBXni8Q

Глядзі таксама
Каментары