Сінкевіч: Кітай рыхтуе для Беларусі «грэцкі варыянт»


Эканаміст папярэджвае, што кітайскія крэдыты могуць прывесці да дэфолту.
Гаворачы пра кітайскія інвестыцыі, эканаміст Аляксандр Сінкевіч перш за ўсё звяртае ўвагу на адмоўнае сальда гандлёвага балансу паміж нашымі краінамі, якое летась дасягнула 1,5 млрд долараў. (Яшчэ ў 2005-м гэты паказнік быў станоўчы). Ён зазначае, што Кітай вядзе гульню на ўсталяванне сваёй прысутнасці ў Еўропе.
Эксперт параўноўвае стратэгію Кітаю ў адносінах да Беларусі з планам Маршала, які ЗША ажыццявілі ў пасляваенныя гады ў Еўропе: «Яны даюць крэдыты і на гэтыя грошы пастаўляюць свае тавары. Беларусь жа ў выніку разлічваецца за крэдыт валютаю, якую зарабляюць у іншых краінах».
Эканаміст прыводзіць прыклад з праектамі спадарожнікаў, якія маглі б прынесці шмат карысці, развіваючы высокія тэхналогіі ў Беларусі. Аднак высветлілася, што спадарожнікі для нас вырабляюцца ў краіне-інвестары.
«Беларусь трапляе ў залежнасць ад Кітаю. Можна згадаць прыклад Грэцыі, якая таксама ў крэдыт купляла тавары з Нямеччыны і дайшла да тэхнічнага дэфолту», – папярэджвае Аляксандр Сінкевіч, заўважаючы, што ніякіх сур’ёзных кітайскіх інвестыцыяў, якія б насамрэч працавалі ў Беларусі, няма.
Пры гэтым сёлета Беларусь чакаюць мільярдныя выплаты запазычанасцяў. Вонкавая пазыка складае 60 % ад ВУП. Такімі тэмпамі, мяркуе эксперт, мы хутка падыдзем да крытычнай мяжы, роўнай 100 %: «Тады апынёмся на мяжы дэфолту і атрымаем наступствы, аналагічныя Грэцыі. Пенсіі ды заробкі бюджэтнікаў абрэжуць у некалькі разоў. І выйсця з яго пакуль я не бачу».
belsat.eu

Стужка навінаў