На будынку мэрыі Парыжу з’явіцца банэр з выявай Алеся Бяляцкага


Арышт і зняволенне Алеся Бяляцкага застаюцца ў цэнтры ўвагі еўрапейскай грамадскасці. «Адзін з тых людзей, што вельмі моцна заклапочаныя лёсам Алеся, – гэта мэр Парыжу, і неўзабаве на мэрыі Парыжу з’явіцца агромністы банэр з выявай Алеся Бяляцкага. У турыстычны сезон усе парыжане і турысты, якія прыедуць паглядзець Парыж, даведаюцца пра лёс Алеся Бяляцкага», – паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Яна таксама адзначыла ўзнагароджанне Алеся Бяляцкага Нарвежскім саюзам пісьменнікаў. Дыплом «За свабоду слова» ўручаецца за асаблівы ўнёсак у абарону свабоды слова і талерантнасці.

Цяпер Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску. Днямі ягоныя калегі атрымалі ліст ад палітвязня. Праз цэнзуру ён не можа апісаць умовы ўтрымання ў калоніі, аднак, паводле Таццяны Равякі, з тэксту ліста можна «даведацца пра пазітыўны настрой Алеся».

«Алесь піша пра тое, што амаль не бачыць, як устаўляць нітку ў іголку, відаць пагоршыўся зрок, – гаворыць жанчына. – На швачнай вытворчасці ягоны зрок, на жаль, не палепшыцца. Але Алесь ставіцца да ўсяго з гумарам. Ён піша такім стылем, каб не прымушаць плакаць за яго».

belsat.eu

Стужка навінаў