Бандарэнка: Адмову прызначыць інваліднасць аспрэчым у судзе


Вольга Бандарэнка, жонка аднаго з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі, мае намер звярнуцца ў суд, каб абскардзіць рашэнне міжрэгіянальнай медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, якая адмовіла прызначыць яе мужу інваліднасць. Пра гэта Вольга Бандарэнка заявіла журналістам 5 красавіка ў Магілёве пасля наведвання калоніі № 15, дзе адбывае пакаранне Зміцер.

«З інваліднасцю ўсе інстанцыі адмовілі, і мы будзем зараз вырашаць пытанне з адвакатам – магчыма, будзем падаваць у суд. Трэба высветліць, як Зміцер да гэтага ставіцца і тады будзем вырашаць», – заявіла жонка асуджанага палітыка.

Паводле яе, Бандарэнку зрабілі магнітна-рэзанансную тамаграфію, але яе вынікі пакуль не вядомыя.

Адвакат палітзняволенага з Магілёва наведала калонію, аднак сустрэцца з ім не змагла. Як растлумачыла жонка Бандарэнкі, Зміцер напісаў просьбу на запрашэнне адваката з Менску, які з самога пачатку вядзе ягоную справу.

Сама ж Вольга перадала мужу неабходныя медыкаменты і пагутарыла з медыкамі. «Яны сказалі, што яму лепш, але ён дагэтуль у медсанчасці. У яго абвастрылася падагра, таксама ў яго ўжо артроз левай ступні, артроз вялікага пальца правай ступні плюс вельмі моцныя болі», – расказала жонка палітзняволенага.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Зміцер Бандарэнка быў адною з ключавых фігураў каманды кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, таксама асуджанага паводле справы аб масавых беспарадках 19 снежня. Бандарэнку прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 г. у яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені 2011 г. яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку.

belsat.eu

Стужка навінаў