Вайна за неба: «ты мяне паважаеш?»


Расейскія авіяцыйныя ўлады праяўляюць непавагу да Беларусі і поўнае неразуменне інтарэсаў пасажыраў, заявіў генеральны дырэктар нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў. 5 красавіка ў другой палове дня стала вядома пра тое, што расейскія авіяцыйныя ўлады забаранілі «Белавія» ажыццяўляць палёты ў рэгіёны РФ з 13 красавіка. Дазволеныя толькі рэйсы ў Маскву. Да гэтага «Белавія» акрамя Масквы выконвала рэйсы ў Санкт-Пецярбург, Калінінград, Екацерынбург, Сочы, а 3 чэрвеня мела намер адкрыць рэйс у Новасібірск.

«Вельмі дзіўна, што мы на сёння ад «Росавиации» не атрымлівалі як авіякампанія афіцыйнай забароны. У нас ёсць дазвол на палёты ў Маскву да 12 красавіка ўключна, ува ўсе аэрапорты рэгіёнаў Расеі ў нас ёсць дазвол на ўвесь летні перыяд, гэта значыць да восені 2012 года. І цяпер мы вымушаныя думаць, што нам рабіць з нашымі пасажырамі, каб яны не апынуліся ў крытычных сітуацыях», – пракаментаваў канфлікт вечарам 5 красавіка тэлеканалу «Беларусь 1» гендырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў.

«Тое, што мы сёння адчуваем у дзеяннях расейскага боку, у мяне проста не ўкладваецца ў свядомасці як у генеральнага дырэктара, кіраўніка авіякампаніі. Гэта непавага да Беларусі як да партнёра з боку расейскіх авіяцыйных уладаў і поўнае неразуменне і няўлік інтарэсаў пасажыраў, якія мусяць лятаць як на рэйсах беларускіх авіякампаніяў, так і расейскіх», – падкрэсліў Гусараў.

Раней 5 красавіка Міністэрства транспарту РФ паведаміла, што Беларусь праінфармавала авіяцыйныя ўлады Расеі пра намер з 13 красавіка ў аднабаковым парадку скараціць колькасць рэйсаў расейскіх авіякампаніяў з Масквы ў Менск.

Беларусь і Расея 9 красавіка адновяць перамовы наконт праблемы авіярэйсаў паміж дзвюма краінамі. Адпаведнай дамоўленасці дасягнулі 5 красавіка падчас тэлефоннай размовы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін і міністр транспарту Расеі Ігар Лявіцін.

Канфлікт паміж авіяцыйнымі ўладамі Беларусі і Расеі пачаўся раніцаю 26 сакавіка. «Росавиация» нечакана адклікала дазвол на палёты самалётаў «Белавія» ў Маскву. Беларусь, у сваю чаргу, забараніла самалётам расейскіх авіякампаніяў лятаць у Менск. Праз некалькі гадзінаў рэйсы часова аднавіліся. Прычынаю канфлікту сталася колькасць рэйсаў па маршруце Менск — Масква: расейскі бок настойваў на іх павелічэнні да пяці, беларускі настойваў на парытэце з чатырох рэйсаў.

Планы Расеі павялічыць колькасць палётаў у Менску разглядаюць як спробу атрымаць перавагу на беларускім рынку авіяперавозак. У сваю чаргу расейскі бок заяўляе, што дзейнае паміж Расеяй і Беларуссю пагадненне аб паветраных зносінах не адпавядае пагадненню аб Агульнай эканамічнай прасторы і нормам Мытнага саюзу.

belsat.eu

Стужка навінаў