Міхась Залескі ў «Гарачым каментары»


Кітай гатовы інвеставаць у Беларусь каля 16 млрд долараў. Беларускія чыноўнікі заявілі, што на такую суму адкрытая крэдытная лінія дзеля рэалізацыі шэрагу супольных праектаў. Паводле старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоля Рубінава, разглядаюцца супольныя энергетычныя і жыллёва-будаўнічыя праграмы. Акрамя гэтага, ідзе працэс падпісання дакументаў на стварэнне тэхнапарку.

Аднак асаблівасць кітайскіх крэдытаў у тым, што ўсе яны звязаныя. Гэта значыць, што за выдзеленыя грошы належыць набываць менавіта кітайскія тавары.

Паводле эканаміста, кіраўніцтва Беларусі жадае атрымаць не толькі эканамічную, але і палітычную выгаду з гэтага крэдыту.

“Яны б хацелі, напрыклад, Расею гэтым папалохаць, але тыя не палохаюцца, бо Беларусь і Кітай – гэта як на валу муха, што села яму на рог і кажа, што мы разам аралі”, – кажа Міхась Залескі.

Разам з тым – гэта ўжо не першая інфармацыя пра кітайскі крэдыт. Магчыма, і гэтыя 16 млрд застануцца толькі ў марах чыноўнікаў.

“Кітайцы дбаюць выключна пра свае інтарэсы. Для іх вельмі важныя нармальныя паслядоўныя дачыненні, а з нашымі чыноўнікамі гэта не заўсёды атрымліваецца. Разам з гэтым Кітай мусіць працягваць інтэрвенцыю ў Еўропу, дзе яго галоўны канкурэнт – Нямеччына. І мець такі плацдарм, як Беларусь, было б нядрэнна. Але Кітай вымярае час зусім іншым спосабам, чымся беларусы. Гэта цывілізацыя, якая існуе тысячы гадоў, і яны робяць планы на сто-дзвесце гадоў наперад, а не тое як у нас – перахапіць да зарплаты”, – кажа эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў