Еўрапейскія амбасадары вернуцца ў Беларусь скаардынавана


Пра гэта ў інтэрв’ю радыё “Свабода” заявіла прэс-сакратарка вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. “Я не буду каментаваць словаў Лукашэнкі, але патлумачу пазіцыю ЕЗ, якая тут вельмі ясная. Амбасадары краін-чальцоў Еўразвязу пакінулі Менск дзеля кансультацыяў на знак салідарнасці і яднання з двума амбасадарамі, якіх улады Беларусі папрасілі пакінуць краіну. Пасля гэтага краіны-чальцы ЕЗ правялі кансультацыі адносна вяртання сваіх амбасадараў у Менск і прыйшлі да згоды, што амбасадары вернуцца каардынаваным чынам”, – паведаміла Мая Кацыянчыч.

Нагадаем, заява Лукашэнкі пра тое, што афіцыйны Менск не супраць вяртання амбасадараў, прагучала сёння на нарадзе ў пытаннях замежнай палітыкі. “Мы з міністрам замежных справаў дамовіліся, што мы кожную краіну і кожнага амбасадара будзем персанальна разглядаць у плане вяртання ў Беларусь. Але гэта не мае нічога супольнага з тым, што мы хочам перашкодзіць вяртанню амбасадараў”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што гэткаю заяваю Лукашэнка імкнецца “прамацаць пазіцыю Еўропы”. “Ён не спыняе спробаў забіць клін паміж еўрапейскімі краінамі, бо там пануюць розныя настроі, невыпадкова ж Лукашэнка згадаў сёння Літву і Латвію як краіны з мякчэйшаю пазіцыяй”, – зазначае Аляксандр Класкоўскі.

Разам з тым, мяркуе эксперт, Лукашэнка разумее, што і для Еўропы пытанне гонару – салідарна вярнуцца ўсім амбасадарам. І калі, напрыклад, “непажаданымі асобамі” будуць абвешчаныя Лешэк Шэрэпка ці Майра Муора, то і магчымасць залагодзіць сітуацыю папросту сарвецца, гаворыць Аляксандр Класкоўскі. “Таму ўсе заявы Лукашэнкі варта разглядаць як пі-ар, скіраваны на вертыкаль і сілавыя структуры, на электарат. То бок, гэта дэманстрацыя, што кіраўнік Беларусі па-ранейшаму моцна трымаецца ў сядле і ніякія еўрапейцы яго “не нахіляць”, – гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары