Чаму Лукашэнку не далі “адпрацаваць увесь тэрмін”?


Падчас сённяшняга паседжання Палаты прадстаўнікоў адзін з дэпутатаў запрапанаваў прызначыць дату галасавання на 6 лютага – апошні дзень, калі паводле Канстытуцыі могуць адбыцца найбліжэйшыя прэзідэнцкія выбары, каб “кіраўнік дзяржавы адпрацаваў увесь вызначаны тэрмін”. На гэта старшыня камісіі дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіравання і рэгламенту Васіль Байкоў адказаў, што больш мэтазгодна “ўвайсці ў 2011 год і новую пяцігодку, ужо сфармаваўшы ўрад”.

Васіль Байкоў лічыць, што 19 снежня – найзручнейшая дата для галасавання, бо дазволіць правесці выбары раней за пачатак новага года, калі беларусы адзначаюць шэраг рэлігійных ды свецкіх святаў. На пытанне дэпутатаў аб магчымым другім туры галасавання Байкоў заявіў, што другі тур неабавязкова мусіць адбыцца 3 студзеня і можа прызначацца на ранейшы тэрмін.

Паводле Васіля Байкова, пры выбары дня галасавання камісія зыходзіла з таго, каб правесці іх у найболей зручны для грамадзянаў і краіны час. “Правядзенне ж выбараў у пачатку года не з’яўляецца зручным, бо гэты перыяд насычаны свецкімі і рэлігійнымі святамі”, – дадаў ён.

Нягледзячы на сумневы адносна даты галасавання, дэпутаты аднагалосна падтрымалі прапанову правесці выбары 19 снежня.

belsat.eu
14.09.2010

Стужка навінаў