Генадзь Бураўкін: Ёсць рэчы, якімі мы не дазволім гандляваць


Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі і Анатоль Грыцкевіч заклікаюць узяць удзел ва Ўсебеларускім з’ездзе. «Апошнім часам мы зноў адчулі небяспеку, якая навісае над нашаю незалежнасцю, незалежнасцю нашай нацыянальнай дзяржавы. Гэта праявілася і ў тым, што кіраўніцтва пачало актыўна ўваходзіць у нейкія саюзы, нават вайсковыя, што пачаўся распродаж таго, што нельга прадаваць, не параіўшыся з народам», – заявіў у інтэрв’ю «Белсату» адзін з ініцыятараў сходу Генадзь Бураўкін.

Арганізатары заклікаюць да ўдзелу і рыхтавання агульнанацыянальнага форуму ўсіх неабыякавых беларусаў. Паводле Генадзя Бураўкіна, чакаецца, што ўдзел у сходзе возьмуць і шараговыя грамадзяне, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў ды палітычных структураў.

Да голасу прадстаўнічага форуму цяперашнія ўлады Беларусі мусяць прыслухацца, упэўнены паэт. Ён падкрэсліў, што апошнім часам улады ўсё радзей прыслухоўваюцца да грамадзянаў. «Ніякіх рэферэндумаў, якія яшчэ нядаўна так любілі нашыя кіраўнікі, ніякіх абмеркаванняў – ці то пабудова атамнай электрастанцыі, ці то продаж «Белтрансгазу». І, бясспрэчна, усё больш і больш мы адчуваем, што ідзе калі не знішчэнне, то выцясненне ўсяго нацыянальнага з нашага паўсядзённага жыцця», – дадаў Генадзь Бураўкін.

«Некаторыя дзяржаўныя структуры гатовыя патроху здаваць нашую незалежнасць. Ужо на самым высокім узроўні пачынаюць гаварыць: ці не ўвесці нам расейскі рубель? Пры гэтым ніхто не раіцца з людзьмі, з народам, – гаворыць Генадзь Бураўкін. – Таму ў нас такое адчуванне, што надышоў час, калі ў нас не пытаецца нашае кіраўніцтва, то мы павінны самыя сказаць так, каб яно пачула. І каб пачула міжнародная грамадскасць – што ў нас, у беларусаў, ёсць перакананні і ёсць рэчы, якімі мы не дазволім гандляваць».

belsat.eu

Стужка навінаў