Кітай адкрыў крэдытныя лініі на $ 16 млрд


Агульны аб’ём адкрытых Кітаем крэдытных лініяў, прызначаных для рэалізацыі супольных праектаў у Беларусі, складае $ 16 млрд – паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс-Запад». Фактычна гэта палова ВУП Беларусі за 2011 г.

Пра даступныя крэдытныя сродкі заявіў старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў.

«Мы ўдзячныя, што Кітай дае крэдыты. Цяпер адкрыта кітайскіх крэдытных лініяў на $ 16 млрд», – паведаміў ён, сустракаючыся ў чацвер з амбасадарам Кітаю ў Беларусі Гунам Цзянь Ўэем.

Анатоль Рубінаў удакладніў, што гэтыя сродкі выдаткоўваюцца на рэалізацыю розных супольных праектаў, у тым ліку ў галіне энергетыкі і жыллёвага будаўніцтва. Ён дадаў, што «бакі падышлі да стварэння тэхнапарку».

Гун Цзянь Ўэй, у сваю чаргу, адзначыў, што па гэтым праекце бакі знаходзяцца «на апошняй стадыі рыхтавання дакументаў».

Паводле прэс-службы ўраду, у 2011 г. у Беларусь з Кітаю прыцягнулі наўпроставых замежных інвестыцыяў на чыстай аснове на $ 9,4 млн. Рост экспарту беларускіх тавараў у Кітай летась без уліку паставак калію і нафтапрадуктаў склаў 127,3 %. За 2011 г. аб’ём гандлю таварамі Беларусі з Кітаем (уключаючы Гон-Конг, Макаў і Тайвань) павялічыўся ў параўнанні з 2010 г. на 31 % і склаў 3,011 млрд долараў. Аб’ём экспарту беларускіх тавараў у Кітай дасягнуў $ 697 млн, ці 136 % у параўнанні з 2010 г. У асноўным гэта калійныя ўгнаенні, капралактам.

belsat.eu

Стужка навінаў