Менск аспрэчвае скаргу маці Кавалёва ў ААН


Урад заяўляе пра непрымальнасць разгляду скаргі у Камітэце правоў чалавека ААН, бо яе падаў не сам Уладзіслаў Кавалёў, а «трэція асобы».

«Гэта звычайная практыка, калі сваякі асуджаных накіроўваюць у камітэт скаргі. А ў выпадку з Уладзіславам Кавалёвым нават звычайная карэспандэнцыя ад яго даходзіла не ўся. Акрамя таго, ён падпісаў дзве даверанасці на зварот у праваабарончыя арганізацыі, перадачу якіх сваякам заблакавалі ў СІЗА КДБ. Пры такіх абставінах рэальнай магчымасці самастойна падаць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН з гэтага СІЗА ў Кавалёва не было», – гаворыць праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляе інтарэсы сям’і Кавалёвых у Камітэце правоў чалавека.

Ён дапоўніў, што беларускі ўрад пярэчыць таксама і паводле сутнасці скаргі, заяўляючы, што арт. 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжвае вынясенне смяротных прысудаў за самыя цяжкія злачынствы.

«У скарзе маці і сястра Кавалёва не аспрэчваюць гэтага, а абгрунтоўваюць парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбору ў ходзе судовага працэсу, у выніку якога Кавалёва прыгаварылі да смяротнай кары. Таксама жанчыны паведамляюць пра пазбаўленне яго права на тое, каб асуджэнне і прыгавор былі перагледжаныя ў вышэйшай судовай інстанцыі. Вярхоўны суд, прыняўшы да вытворчасці гэтую справу, пазбавіў яго такога права», – падкрэсліў Кісляк.

Урад у сваёй заяве, адзначыў праваабаронца, таксама выказаўся наконт патрабавання Камітэту не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд Кавалёву, пакуль скаргу не разгледзяць паводле сутнасці. У прыватнасці, улады Беларусі падкрэсліваюць, што гэтае правіла «не абавязковае для дзяржаваў-удзельніц» і што яно выходзіць за рамкі кампетэнцыі Камітэту.

«Патрабаванне не выконваць смяротнай кары, пакуль скарга не разгледжаная, вынікае не толькі з правілаў працэдуры і шматгадовай практыкі камітэту, а таксама з яго заўвагаў агульнага парадку № 33, прынятых у 2009 годзе, у якіх камітэт заяўляе: «Непрыняцце такіх папярэдніх або часовых захадаў не сумяшчальнае з абавязацельствам добрасумленна выконваць працэдуру разгляду індывідуальнага паведамлення згодна з факультатыўным пратаколам», – звярнуў увагу Кісляк.

«Прадстаўленыя ў гэтай заяве «аргументы» ўраду Беларусі ў гэтай справе не вытрымліваюць крытыкі, – падсумаваў праваабаронца. – Урад запэўнівае камітэт, што, пакуль не будуць разгледжаныя наглядная скарга і прашэнне аб памілаванні, смяротны прысуд у дачыненні Кавалёва не можа быць выкананы. І тое, што такая інфармацыя падаецца ў дзень пакарання Уладзіслава Кавалёва, ягоныя сваякі ўспрынялі як здзек».

Праваабаронца нагадаў, што 15 снежня 2011 г. у Камітэце правоў чалавека ААН была зарэгістраваная скарга аб парушэнні права на жыццё, накіраваная маці і сястрою прыгаворанага да смяротнай кары Уладзіслава Кавалёва. У гэты ж дзень інфармацыю пра яе рэгістрацыю і копію скаргі накіравалі ў прадстаўніцтва Беларусі ў ААН у Жэневе.

У накіраваным 15 снежня індывідуальным паведамленні ў Камітэт правоў чалавека ААН маці і сястра Кавалёва пісалі аб парушэнні права на справядлівы суд і права на жыццё.

Камітэт ААН звярнуўся з просьбаю да дзяржавы не прыводзіць у выкананне смяротнага прысуду Кавалёву, пакуль скаргу не разгледзяць паводле сутнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў