Фонд ЕўрАзЭС выстаўляе больш жорсткія патрабаванні да Менску


Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС настойвае на больш жорсткай беларускай стабілізацыйнай праграме, чымся ўзгодненая бакамі ў 2011 г. Пра гэта старшыня праўлення Нацыянальнага банку Надзея Ермакова паведаміла на прэс-канферэнцыі 4 красавіка. «Яны ад нас хочуць, каб мы праграму мінулага года зрабілі больш жорсткаю найперш з пункту гледжання аб’ёму золатавалютных рэзерваў. Гаворка ідзе не пра двух-, а трохмесячны запас, а таксама з пункту гледжання прыватызацыі», – патлумачыла Ермакова.

Паводле яе, «сёння, зыходзячы з аб’ёму золатавалютных рэзерваў, вострай неабходнасці ў атрыманні дадатковых 440 млн долараў няма». Кіраўніца Нацбанку мяркуе, што ўладам Беларусі ўдасца дамовіцца з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС пра атрыманне чарговых траншаў крэдыту.

«Эксперты фонду на наступным тыдні прыязджаюць у Беларусь, праца будзе працягвацца. Спадзяюся, мы знойдзем агульную мову і рана ці позна, але атрымаем два траншы да канца гэтага года», – сказала Надзея Ермакова.

Нагадаем, у чэрвені 2011 г. рада Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС ухваліла выдзяленне Беларусі крэдыту памерам 3 млрд долараў ЗША на падтрыманне стабілізацыйнай праграмы ўраду краіны. У тым жа годзе ў Беларусь паступілі дзве траншы крэдыту: 800 млн і 440 млн долараў. У адпаведнасці з зацверджаным раней планам трэцяя транша на 440 млн долараў мусіла паступіць не пазней за 28 лютага 2012 г., але гэтага не адбылося.

belsat.eu

Стужка навінаў