Апытанне: Чаму Літвінковіча не пусцілі на беларускую эстраду?


Карэспандэнты “Белсату” распыталі жыхароў Жодзіна, чаму іхны зямляк Яўген Літвінковіч, які стаў зоркаю папулярнага шоу «Украіна мае талент», не змог прабіцца на беларускую эстраду.
Рэспандэнты назвалі розныя прычыны: адсутнасць сувязяў, удачы, магчымасцяў, дзяржаўнага фінансавання, недахоп прафесіяналаў, малую колькасць беларускіх тэлевізійных каналаў. Толькі адна апытаная выказала практычную параду: “Звярнуць увагу на найвышэйшае кіраўніцтва і звярнуцца туды, калі ён сапраўды таленавіты. Не трэба рук апускаць”.
29-гадовы Яўген Літвінковіч выступіў на ўкраінскім шоу (аналагу расейскай «Хвіліны славы») з песняю “Sweet People”, якую спявачка Alyosha прэзентавала на “Еўрабачанні-2010”. Зала пляскала беларусу стоячы, а сябры журы прызналі, што Яўген песню выканаў лепей.
«У роднай Беларусі Жэня не раз спрабаваў прабіцца на вялікую сцэну. Аднак пасля чарговага расчаравання адкрыў уласную справу і вырашыў, што будзе жыць, як усе. Калі ж да Жэні дакаціліся чуткі пра шоу, якое змяняе жыцці ды ажыццяўляе мары, то хлопец вырашыў рызыкнуць – можа быць, гэта ягоны шанец», – гэтак прэзентавалі нашага суайчынніка ўкраінцам. Спявак адчыніў у родным Жодзіне невялікую кавярню «У Жэкі», дзе ўсё робіць сам: гатуе, стаіць за бар-стойкаю, а таксама спявае з сябрамі караоке.
belsat.eu

Стужка навінаў