Міжнародныя праваабаронцы патрабуюць вызваліць Каваленку


Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (МФПЧ) заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць палітычны пераслед актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі, які трымае галадоўку, і забяспечыць яму неабходную медычную дапамогу.

“Публічная дэманстрацыя і вывешванне Каваленкам сцяга ні ў якім выпадку не можа кваліфікавацца як хуліганскія дзеянні – гэтыя дзеянні ёсць грамадска-палітычнай акцыяй, не носяць характару асаблівага цынізму і яўнай непавагі да грамадства і не маюць гэтага на ўвазе”, – гаворыцца ў заяве МФПЧ.

Праваабаронцы нагадваюць, што крымінальны пераслед апазіцыянера пачаўся пасля таго, як 7 студзеня 2010 г. ён вывесіў на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. За гэта Каваленку асудзілі, прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і гвалт у дачыненні працаўніка праваахоўных органаў пры выкананні ім службовых абавязкаў) і прыгаварылі да 3 гадоў абмежавання волі. У лютым гэтага года апазіцыянера абвінавацілі ва ўхіленні ад адбывання пакарання і асудзілі на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі.

Паўторнае прыцягненне Каваленкі да крымінальнай адказнасці “за нібыта ўхіленне ад адбывання пакарання” праваабаронцы расцэньваюць як “непрыхаваны працяг палітычных рэпрэсіяў” і “спробу далейшай ізаляцыі актывіста апазіцыйнай партыі”.

Асаблівую занепакоенасць МФПЧ выклікае цяперашні стан здароўя Сяргея Каваленкі, які абвесціў галадоўку адразу пасля свайго арышту 19 снежня 2011 г. “Стан ягонага здароўя крытычны. МФПЧ баіцца за ягонае жыццё, а таксама сур’ёзна занепакоеная магчымым ужываннем да яго прымусовага псіхіятрычнага лячэння”, – сказана ў заяве.

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека заклікае ўлады Беларусі “неадкладна і безумоўна вызваліць Каваленку, спыніць ягоны крымінальны пераслед і забяспечыць яму неабходную і неадкладную медычную дапамогу ў кваліфікаванай медычнай установе адкрытага тыпу”.

“Адказнасць за жыццё і здароўе Каваленкі цалкам ляжыць на кіраўніцтве Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, у распараджэнні якога ён цяпер застаецца”, – падкрэсліваюць праваабаронцы.

Нагадаем, Сяргея Каваленку цяпер трымаюць у псіхіятрычным аддзяленні на тэрыторыі папраўчай калоніі “Віцьба-3”. 2 красавіка стала вядома, што яго прымусова кормяць праз зонд. Паводле жонкі апазіцыянера, прымусовае кармленне пачалося 1 красавіка. Да шасці разоў на дзень Каваленку ўліваюць дзіцячую малочную сумесь “Беллакт”, а таксама працягваюць ставіць кропельніцы з глюкозаю, амінакіслотамі ды вітамінамі. Падчас галадоўкі актывіст апазіцыі, які раней важыў каля 83 кілаграмаў, страціў амаль палову сваёй вагі.

belsat.eu

Стужка навінаў