Кірыл Коктыш: Еўразійскі саюз як эканамічны шанец?


https://youtu.be/_ejVPpYZAGo
Беларусь у эканамічным плане можа выйграць ад удзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе, мяркуе палітолаг Кірыл Коктыш. “Размова ідзе пра эканамічную інтэграцыю, а не пра палітычную – палітычнага суверэнітэту ніхто не чапае, і дзякуй богу. Што датычыць эканамічнай кааперацыі, Еўразійскі саюз ператвараецца ў адзіную эканамічную прастору з аднолькавымі ўмовамі канкурэнцыі для эканамічных суб’ектаў, дзе канкуруюць паслугі, могуць перасоўвацца тавары і людзі. Гэта іншая рэчаіснасць ў параўнанні з тым, што існавала дагэтуль”, – падкрэсліў эксперт.

Параўноўваючы Еўрапейскі звяз і перспектывы існавання Еўразійскага саюзу, Кірыл Коктыш падкрэслівае, што беларуская прадукцыя можа не вытрымаць канкурэнцыі. “У межах еўразійскай прасторы попыт на беларускую прадукцыю можа існаваць, і Беларусь мае шанец гэты попыт капіталізаваць і заняць нішу на гэтым новым рынку”, – дадаў Коктыш.

Аднак уступленне ў Еўразійскі саюз яшчэ не гарантуе попыту на беларускія тавары, які і так, на думку палітолага, апошнія гады падтрымліваўся выключна палітычнымі метадамі. “Пасля крызісу 1990-х гг. быў “залаты час” для беларускай прадукцыі, бо яна была хоць не найвышэйшай якасці, але больш ці менш якасная. А да таго ж – танная. Калі быў попыт на больш-менш якасную і танную прадукцыю, Беларусь магла захопліваць расейскі рынак, – гаворыць Кірыл Коктыш. – Пазней, пасля 2000 г., калі сітуацыя выраўнялася, з’явіўся попыт на больш якасную прадукцыю. Але якасць беларускай прадукцыі не стала расці”.

Тым часам шэраг беларускіх палітыкаў бачаць у далучэнні Беларусі да Еўразійскага саюзу наўпроставую пагрозу незалежнасці краіны. “Ніколі яшчэ Беларусь не была такая блізкая за час кіравання Лукашэнкі да страты незалежнасці. Нас спрабуюць уцягнуць у Еўразійскі саюз, які можа знішчыць і беларускую дзяржаўнасць”, – заявіў падчас аднаго са сваіх выступаў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

У лістападзе ў Маскве прэзідэнты Беларусі, Расеі ды Казахстану падпісалі дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі – “дарожную карту” інтэграцыйнага працэсу, канчатковаю мэтаю якога абвяшчаецца стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюзу.

19 сакавіка на саміце ў Маскве планавалася падпісаць дамову аб трансфармацыі ЕўрАзЭС у Еўразійскі эканамічны саюз. Аднак дакумент не быў падпісаны з-за пазіцыі Казахстану.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары