Арцём Шаркоў у «Гарачым каментары»


Красавік – сярэдзіна вясны. Але на цёплае надвор’е пакуль разлічваць не варта. У першыя дні красавіка раптам прыйшла зіма. Нязручнасцяў для гараджанаў снегапад прынёс даволі шмат.

Раптоўная красавіцкая зіма накрыла Менск. Неўласцівае для другога месяца вясны надвор’е ўскладніла аўтамабільны рух і прымусіла гараджанаў зноў дастаць зімовую вопратку. Прагноз надвор’я на наступныя некалькі дзён таксама не асабліва вясновы: месцамі пройдзе нямоцны мокры снег. А на дарогах чакаецца галалёдзіца.

Большасць кіроўцаў ужо змяніла гуму на колах. Шмат хто, не зважаючы на снег на дарозе, ехаў даволі хутка. У выніку сёння раніцаю ў Менску зафіксавалі шмат аварыяў.

Паводле дырэктара ўстановы «За аўта», раніцаю на колавай ад раёну Сухарава да Уручча праз кожныя некалькі соцень метраў здарыліся аварыі.

«Шмат хто ўжо «пераапрануў» на летнія колы. Гэтага рабіць нельга было, бо сярэднясутачная тэмпература не перавышае +5°С. А паводле тых жа Правілаў дарожнага руху, рэкамендавана пераходзіць на летнюю гуму пры +8°С цягам тыдня. Пра што людзі думаюць – я не ведаю. Тую ж сітуацыю можам назіраць і з першым зімовым снегам, у тым жа лістападзе. Бачыў сёння, як ляцелі з хуткасцю пад 90 км/г. На халеру гэта было рабіць? Калі не думаюць пра сваю бяспеку, дык пра іншых бы трэба думаць», – зазначыў Арцём Шаркоў.

Больш за тое – тыя, хто трапіў у аварыю з летняю гумай або перавысіў хуткасць, не атрымаюць адшкадавання ад страхавой кампаніі.

belsat.eu

Стужка навінаў