Барыс Грабеншчыкоў пра забароны і гонар


https://youtu.be/t4e9CHTz7Lg
Вечарам 2 красавіка ў Менску расейскі рок-музыка выступіць у межах юбілейнага туру гурта «Аквариум» «4000 лет». Перад канцэртам ён сустрэўся з беларускімі журналістамі.

Грабеншчыкова не маглі не спытаць, як ён ставіцца да таго, што ў Беларусі існуе негалосная забарона на выступы шматлікіх папулярных айчынных выканаўцаў.

«Як толькі чалавек спрабуе чагосьці дасягнуць, ён ужо паставіў сябе ў нязручнае становішча, – па-філасофску падышоў да адказу рок-кумір. – Па-першае, ён лічыць, што ёсць чаго дасягнуць, па-другое, лічыць, што гэтага можна дасягнуць. У 1970-я гады было настолькі адмоўлена ва ўсім… Памятаю, хадзіў у гаркам камсамолу, спрабуючы прабіць рок-клуб, – толькі з 17-й спробы гэта атрымалася. Забараніць можна ўсё што захочаш – і на музыцы, і на любым іншым мастацтве гэта ніяк не адаб’ецца. Я памятаю першы фільм Сашы Сакурава, які быў абсалютна забаронены. Чалавек ухітрыўся здымаць і перахоўваць каробкі з адзнятымі фільмамі. Таму забараняць сабе даражэй. Але занятак гэты вечны – заўсёды можна штосьці забараняць».

«Памятаю беспаспяховыя спробы маіх бацькоў, сям’і, школы, усяго астатняга грамадства прывіць мне нейкія ідэі, навыкі, – расказаў музыкант. – І ведаю, як вынаходліва і проста я ад усяго гэтага пазбаўляўся. Ведаючы, як я сябе паводжу, мяркую, што мае дзеці і ўнукі будуць не горшыя. Таму з майго боку навязваць ім штосьці і спрабаваць штосьці прывіць – гэта проста марнаванне часу. Я ніколі нікога не выхоўваў і выхоўваць ніколі не буду – не ўмею. Прывіваць дзецям навыкі тым больш не ўмею, бо, каб прывіваць, трэба іх біць, а вось гэтага я рабіць не хачу. Сям’я ў жыцці любога чалавека займае адно месца – яна яго зазямляе. Каб ён не ўляцеў. Таму я з-за сям’і стаю двума нагамі на зямлі, і няма такіх словаў любові і падзякі, якія б я не мог наконт гэтага сказаць».

Грабеншчыкоў адзначыў, што асаблівых падставаў для таго, каб чымсьці ганарыцца, у яго няма. «Калі чым і ганарыцца, то толькі тым, што 58 гадоў я раблю толькі тое, што хачу. І ніколі не рабіў таго, чаго не хацеў. Мне падабаецца, што я гэта рабіў менавіта ў савецкай і постсавецкай Расеі. Гэта значыць, даказаў сваім прыкладам, што гэта магчыма», – падкрэсліў Грабеншчыкоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары