Каталіцкі Касцёл выступае супраць смяротнага пакарання і галадовак


Пра гэта заявіў метрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі ў Менску.

«Каталіцкі Касцёл ужо выказаўся з гэтай нагоды, я не ведаю, што яшчэ дадаць. Гэта сацыяльнае навучанне Каталіцкага Касцёлу. Мы за тое, што Бог даў жыццё і Бог – валадар жыцця», – зазначыў каталіцкі іерарх. Раней метрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з нагоды выраку Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, якіх суд прызнаў вінаватымі ў арганізацыі выбуху ў менскім метро 11 красавіка, прасіў кіраўніка Беларусі «ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, каб затым зусім яго адмяніць».

На пытанне пра палітвязняў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў: «Мы служым усім людзям і молімся за ўсіх людзей. Справы палітычныя – гэта справы палітычныя. Мы займаемся духоўным кармленнем людзей».

Наконт галадоўкі палітвязня Сяргея Каваленкі Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся наступным чынам: «З пункту гледжання сацыяльнага навучання Касцёлу, кожны чалавек мусіць клапаціцца пра сваё здароўе. Касцёл не падтрымлівае такой акцыі, як галадоўка».

Метрапаліт адзначыў таксама, што Каталіцкі Касцёл занепакоены з некаторых тэндэнцыяў у Беларусі, якія не адпавядаюць маральным нормам. Размова ідзе пра праект Закону аб рэпрадуктыўных тэхналогіях, парадак супрацы адукацыйных установаў і рэлігійных арганізацыяў, прапанова аб стварэнні «сексуальнага» тэлеканалу ды інш.

Таксама падчас прэсавай канферэнцыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра план дзейнасці Касцёлу на 2012 г. У прыватнасці, пачынаючы з гэтага года, будслаўская ўрачыстасць будзе адбывацца ў першую суботу ліпеня.

А 21 ліпеня адзначаць першую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Урачыстая імша адбудзецца ў пінскім кафедральным саборы а 12:00.

У канцы жніўня – пачатку верасня ў Горадні плануецца правесці І Кангрэс каталіцкіх медыяў. У ім змогуць узяць удзел і прадстаўнікі свецкіх СМІ.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары