Расейскі эксперт: Праблема не ў самалётах, а ў кадрах


У авіякатастрофе ля Цюмені загінуў 31 чалавек. Як паведамляе кампанія “Ютэйр”, якой належаў самалёт, ATR-72 разбіўся падчас выканання вымушанай пасадкі.

Кіраўнік прэс-службы ўральскага рэгіянальнага цэнтру Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Вадзім Грабеннікаў удакладніў, што самалёт разбіўся за 35–40 кіламетраў ад аэрапорту. На борце паветранага судна былі 39 пасажыраў і 4 чальцы экіпажу. Усе чальцы экіпажу загінулі. Усіх іх на гэты момант знайшлі ратавальнікі.

Паводле звестак МНС у Цюменскай вобласці, пры падзенні самалёта выжылі 12 чалавек. Згодна з кіраўніцаю Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Таццяны Голікавай, стан траіх пацярпелых ацэньваецца як вельмі цяжкі, дзевяці іншых – як цяжкі.

Як паведамляе тэлеканал “Расея 24” са спасылкаю на кіраўніка Галоўнага ўпраўлення МНС РФ у Цюменскай вобласці Юрыя Алёхіна, сувязь з самалётам была страчаная прыкладна праз тры хвіліны пасля ўзлёту лайнера.

Кампанія “Ютэйр” абяцае выплаціць сваякам кожнага загінулага 2 млн расейскіх рублёў і ўзяць на сябе выдаткі, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем пахавання. Улады Цюменскай вобласці дадаткова выплацяць сем’ям загінулых у авіякатастрофе “ATR-72” 1,5 млн расейскіх рублёў кожнай, пацярпелым – па 1 млн, паведаміла намесніца губернатара Цюменскай вобласці Наталля Шэўчык.

Ад пачатку 2011 г. у выніку прынамсі 15 катастрофаў з удзелам расейскіх паветраных сродкаў загінулі больш за 120 чалавек. Кіраўнік аналітычнай службы агенцтва “АвіяПорт” Алег Панцялееў галоўную прычыну бачыць не ў састарэлым авіяпарку, а ў недахопе кадраў, здольных лятаць на новых для Расеі тыпах паветраных суднаў. Ён зазначае, што самалёт, які разбіўся ля Цюмені, быў у добрым тэхнічным стане.

belsat.eu

Стужка навінаў