«Чарнобыльскі шлях» на роварах


“Зялёныя” расчараваліся ў традыцыйным фармаце “Чарнобыльскага шляху” і прапаноўваюць свой спосаб адзначыць гадавіну аварыі.

Прадстаўнікі Беларускай партыі “Зялёныя” падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 26 красавіка велапрабегу.

Як паведаміў старшыня партыі Алег Новікаў, заяўка пададзеная 30 сакавіка. Велапрабег плануецца правесці пад лозунгам “За альтэрнатыўную энергетыку”. Ініцыятары акцыі разам з аднадумцамі плануюць праехаць у гэты дзень па менскай роварнай дарожцы ў цэнтры гораду.

“Акцыя прымеркаваная да чарговай гадавіны чарнобыльскай катастрофы і ставіць за мэту нагадаць грамадскасці, што альтэрнатыўная энергетыка – самая эфектыўная формула вырашэння актуальнага пытання энергетычнай бяспекі. Акцыя, якую ўмоўна можна назваць “Велашлях”, на нашую думку, будзе садзейнічаць прапагандзе трывалай мадэлі гаспадарання і экалагічнага ладу жыцця”, – адзначыў Новікаў.

Пры гэтым ён падкрэсліў: партыя “Зялёныя” не абмяжоўвае правоў сваіх актывістаў на ўдзел у традыцыйнай акцыі апазіцыі “Чарнобыльскі шлях”, якая ладзіцца ў той жа дзень. “Нягледзячы на тое, што большасць удзельнікаў унутрыпартыйнай дыскусіі адзначаюць крызіс фармату гэтай акцыі”, – дадаў лідар партыі “Зялёныя”.

belsat.eu

Стужка навінаў