Фільм “Белсату” узнагародзілі ў Парыжы


Беларускі дакументальны фільм «Зямля» зняты на замову тэлеканалу «Белсат» узнагародзілі на XXXIV Міжнародным Кінафестывалі «Cinéma du Réel», які праходзіў ад 22 сакавіка па 1 красавіка ў Парыжы.

«Cinéma du Réel» гэта найбуйнейшы кінафестываль дакументальных фільмаў у франкафонным свеце. Стужка «Белсату» атрымала ўзнагароду «Le Prix International de la Scam» у катэгорыі кароткаметражных замежных дакументальных фільмаў. Беларускі фільм канкураваў з 10 іншымі фільмамі з ўсяго свету.

Трэйлер фільму:

Фільм «Зямля» – гэта стужка-элегія, плач па крохкасці, хуткаплыннасці жыцця. На беларуска-расейскім памежжы шукаюць чалавечыя парэшткі, не пахаваныя ад часоў Другой сусветнай вайны. За сем гадоў знайшлі больш за 700 жаўнераў. У 1942 г. тут, у віцебскіх і наўгародскіх лясах, праходзіла лінія фронту, дзе загінулі тысячы савецкіх вайскоўцаў. Тады адзін полк СС знішчыў тры савецкія дывізіі. Страты Чырвонай Арміі падчас пазіцыйнай вайны за наступныя два гады склалі каля 75 %. Капачы едуць сюды за свой кошт, жывуць у палявых умовах, спяць у намётах, харчуюцца кансервамі ды ўвесь дзень прасейваюць брудную зямлю, каб знайсці як мага больш. Праўда, галоўнае, што цікавіць капачоў, – металічныя прадметы, што захаваліся лепш за чалавечыя косці… Менавіта паводле іх і можна знайсці загінулых тут жаўнераў, каб аддаць ім апошні доўг: пахаваць па-хрысціянску.

Глядзець фільм он-лайн

Інтэрв’ю з рэжысёрам фільму «Зямля» чытайце тут:

Прадукцыя «Белсату» ўжо перамагала на гэтым фестывалі. Фільм «Рабінзоны Мантсінсаары» Віктара Аслюка атрымаў прэмію «Le Prix International de la Scam».

Глядзі таксама
Каментары