Псіхіятр: Лукашэнка выконвае ролю мужа-садыста


Сяргей Трыфанаў распавядае пра магчымае знаходжанне кіраўніка Беларусі ў Магілёўскім псіхіятрычным шпіталі і малюе ягоны патапсіхалагічны партрэт.

Паводле псіхіятра Сяргея Трыфанава, па непацверджаных звестках, перад прызывам у войска Аляксандр Лукашэнка кароткі час быў пацыентам Магілёўскага псіхіятрычнага шпіталю, дзе яму выстаўляўся дыягназ эпілепсія. Эксперт гаворыць, што ў характары і паводзінах кіраўніка Беларусі можна заўважыць рысы, уласцівыя людзям з такім захворваннем: „Ягоная брутальнасць, эксплазіўнасць, няўменне стрымліваць эмоцыі, помслівасць, прыхільнасць да адной стратэгіі паводзінаў і няздольнасць яе змяніць”.

Да гэтага, працягвае Сяргей Трыфанаў, дадаліся рысы, выхаваныя савецкай эпохай: „Быць пільным, паўсюль шукаць ворагаў і змагацца з імі, паказваць, што задаволены сваім жыццём, усхваляць вялікага Леніна, вылікага Сталіна. Мы ўспомнім публічнасць працэсаў над ворагамі народа, якія нагадвалі тэатр…”

Адносіны паміж прэзідэнтам і беларускім народам нагадваюць сітуацыю ў сям’і з памяркоўнай жонкай, якая дбае пра дабрабыт, і мужам-садыстам. У гэтай раскладцы прысутнічае яшчэ трэці фігурант – міліцыянт-участковы (Расея), які пазычае мужу грошы і ўмешваецца толькі ў надзвычай брутальных выпадках. Пра грэбаванне жонкай у прамым і пераносным сэнсе, паводле Трыфанава, сведчыць выказванне кіраўніка Беларусі адразу пасля абрання на пасаду: „Другой Райкі не будзе”, – паведаміў ён, праводзячы паралелі паміж ролямі Галіны Лукашэнкі і Раісы Гарбачовай.

З пункту гледжання сэксуальнасці, лічыць псіхіятр, увагі заслугоўвае дэманстрацыя сына Колі як доказу мужчынскай моцы. Паказальныя многія выказванні Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасці, на адрас еўрапейскіх палітыкаў у інтэрв’ю Сяргею Дарэнку, а таксама міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле.

belsat.eu

Стужка навінаў