Як менчукі на вяртанне вонкавай пазыкі скідваліся


1 красавіка, у Сусветны дзень смеху, журналісты агенцтва «БелаПАН» прасілі ў менчукоў грошы на вяртанне знешняй пазыкі Беларусі, якая сягае 34 млрд долараў. Карэспандэнты падлічылі: калі кожны беларус падзеліцца з краінаю 173 доларамі са свайго прыбытку, краіна выплаціць неабходныя сродкі за 2012 год.

Большасць менчукоў ахвотна адкрывала гаманец, каб дапамагчы дзяржаве разлічыцца з пазыкамі. Самаю папулярнаю купюраю была тысяча беларускіх рублёў. А хтосьці нават шчодра кінуў у скрынку з надпісам «На вяртанне знешняй пазыкі» 50 тыс. руб.

Іншыя займацца такою дабрачыннасцю адмовіліся, матывуючы сваё рашэнне тым, што краіна сама здольная справіцца з гэтымі праблемамі. Знайшліся нават тыя, хто проста не верыць у існаванне вонкавай пазыкі.

Усе сабраныя сродкі – прыкладна 180 тыс. руб. – пойдуць на рахунак чатырохгадовага Пеці Надточага з Вялейкі, хворага на рэдкае генетычнае захворванне.

belsat.eu

Стужка навінаў