АГП распачынае кампанію “За сумленныя выбары”


Такое рашэнне прынялі дэлегаты чарговага справаздачна-выбарнага з’езду АГП, які прайшоў сёння, 31 сакавіка, у Менску.

Паводле лідара партыі, Анатоля Лябедзькі, у Беларусі цяпер няма свабодных і дэмакратычных выбараў. “Удзел у выбарчай кампаніі згодна з правіламі ўлады стварае ілюзію правядзення выбараў у краіне і спрыяе легітымацыі вынікаў выбарчай кампаніі сярод значнай часткі насельніцтва. У той жа час байкот выбараў патрабуе вялікіх сродкаў, якіх няма ні ў партыі, ні ў апазіцыі. Таму сёння такая стратэгія таксама неэфектыўная”, – сказаў ён.

План АГП прадугледжвае фармаванне спісу спікераў – кандыдатаў у дэпутаты, галоўная задача якіх – данясенне да выбарнікаў “паслання: Лукашэнка – гэта тупік, выхад з тупіка – сумленныя выбары без Лукашэнкі”. Спікеры будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты праз партыйны механізм. Яны не будуць выкарыстоўваць грашовых рэсурсаў уладаў (іх пасля зняцця давялося б вяртаць назад), замест гэтага – праводзіць свае кампаніі на сродкі індывідуальных фінансавых фондаў.

Падчас агітацыйнай кампаніі кандыдаты ад АГП будуць заклікаць грамадзянаў далучыцца да кампаніі “За сумленныя выбары”. Пачаць яе прапаноўваецца з пратэсту, адмовіўшыся ад удзелу ў галасаванні, а калі выбарніка прымушаюць прыйсці на ўчастак, то зрабіць гэта ў апошні дзень і прагаласаваць супраць усіх. Да пачатку датэрміновага галасавання кандыдаты ў дэпутаты будуць знятыя з выбарчай гонкі на рашэнне партыйнага з’езду.

Аднак не ўсе дэлегаты падзяляюць захопленую рыторыку Анатоля Лябедзькі. Эканаміст і чалец АГП Сяргей Балыкін адмовіўся ад удзелу ў з’ездзе, паколькі лічыць яго “палітычным шоў”.

“Мы стаім на парозе чарговага крызісу і “распілу” дзяржаўнай маёмасці. Нажаль АГП самаадалілася ад гэтых пытанняў і абмяжоўваецца нейкімі дыжурнымі заявамі. Партыя не спрабуе граць на эканамічнай незадаволенасці, а проста робіць заявы аб асабістай пасьпяховасці, наяўнасці нейкіх праграмаў і іншыя рэчы, якія нельга разглядаць сур’ёзна. Там будзе звычайнае дзяленне партвеляў”. – заявіў спадар Балыкін

Акрамя гэтага на з’ездзе абралі старшыню партыі. Ім у чарговы раз стаў Анатоль Лябедзька, якому паспрабаваў скласці канкурэнцыю лідар «Маладых дэмакратаў» Алег Корбан. Паводле ягонага меркавання, у партыі ёсць “пэўныя праблемы з дэмакратыяй – і іх трэба вырашаць”. “Да змены лідара паставіўся б станоўча. Думаю, кадравае абнаўленне павінна быць пэўным прыярытэтам у партыйнай дзейнасці. А калі ёсць рэальныя падставы для чысткі якога-небудзь кадра, гэта павінна ажыццяўляцца адкрыта, публічна. Не так, як гэта было ў БНФ”, – заявіў Корбан.

belsat.eu
https://youtu.be/tpHvU-Z-MMU
https://youtu.be/NDZ8gaQ2aSo

Глядзі таксама
Каментары