Палітолагі не вераць у вяртанне амбасадараў ЕЗ


Як паведамляе старонка “EUobserver”, амбасадары ЕЗ усе разам вернуцца ў Беларусь пасля Вялікадня: пры ўмове, што Аляксандр Лукашэнка не зробіць радыкальных крокаў.

Рашэнне аб вяртанні місіяў прынялі за зачыненымі дзвярыма ў Бруселі на гэтым тыдні. Крыніца прыводзіць словы амбасадараў Еўразвязу, якія збіраюцца атрымаць інструкцыі ў панядзелак, каб пасля 8 красавіка вярнуцца ў Беларусь.

Адзін з еўрапейскіх амбасадараў распавёў “EUobserver”, што вяртанне адбудзецца, калі беларускі бок будзе правільна паводзіцца. “Несумненна, адсюль узнікае пытанне, што значыцца “правільна”? Але, мяркую, гэта павінна адбыцца”, – гэтак і не ўдакладніў дыпламат.

Аднак беларускія палітолагі з недаверам успрынялі інфармацыю “EUobserver”, не лічачы сервіс дастаткова надзейнаю крыніцаю. “Я з перасцярогаю стаўлюся да гэтай заявы, бо беларускі бок не робіць дзеянняў, каб вярнуць амбасадараў, наадварот, прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Беларусі падкрэсліваюць, што амбасадараў у нас не чакаюць”, – адзначыў палітолаг Андрэй Фёдараў.

Аналагічнай думкі прытрымліваецца палітолаг Валер Карбалевіч. “Цяжка ўявіць, што амбасадары вернуцца пасля Вялікадня, бо станоўчых зрухаў у вострым канфлікце паміж Беларуссю і Еўропаю не назіраецца. Ужо агучваліся заявы, што дыпламаты ЕЗ вернуцца ў Беларусь цягам тыдня, але, як бачым, вяртання не адбылося”.

На меркаванне палітолагаў, калі супрацьстаянне Еўразвязу і Беларусі зацягнецца на працяглы час, то краіна можа страціць частку суверэнітэту і ўспрымацца на міжнародным узроўні ў якасці прыдатка Расеі. “Ужо зараз відавочна абмежаванне суверэнітэту Беларусі. Да таго ж краіна нясе эканамічныя страты. У краіну з нестабільнаю палітычнаю сітуацыяй не будзе ісці замежны бізнес”, – падкрэсліў Валер Карбалевіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары