Аляксандр Сасноў: «Камунальныя гета» адгукнуцца пазней


Жыллёвы кодэкс можа замацаваць прымусовае перасяленне неплатнікаў за камунальныя паслугі, у тым ліку і ўласнікаў, у кватэры меншай плошчы.
У аграгарадку Пальмінкі, што за 30 км ад Віцебску, чатыры 23-кватэрныя дамы заселены няплатнікамі, якія пераехалі ў меншыя кватэры. Пакуль пераезд адбываецца толькі на добраахвотнай аснове пры дапамозе рыелтарскіх агенцтваў.

Як паведамілі ў Пальмінскім сельсавеце, перасяленцы працягваюць весці антысацыяльны лад жыцця ды робяць клопат для аддзелу надзвычайных сітуацыяў і міліцыі.

«У лістападзе згарэў 60-гадовы п’яніца, які пераехаў з Віцебску. З полымя выцягнулі жанчыну – былую жыхарку абласнога цэнтру, але ў снежні выратаваная ўсё роўна згарэла – ужо ў сваёй кватэры. Выпадкаў, калі б з пераездам людзі вярталіся на нармальнага жыцця, за апошня пяць гадоў сярод былых няплатнікаў не было», – распавялі ў сельсавеце.

Былы міністр працы Аляксандр Сасноў выказвае перасцярогу адносна стварэння «камунальных гета».

«З няплатнікаў, вядома, трэба спаганяць грошы за камунальныя паслугі, але неабходна праводзіць гэтую працэдуру адпаведна заканадаўству. Усе магчымыя развязанні трэба пралічыць. Селячы іх канцэнтравана, можа па нейкім часе стварыць такую ж сацыяльную бомбу, як пасяленні туркаў у Нямеччыне, якія цяпер не хочуць прымаць нямецкай культуры. Цэлыя дамы, заселеныя няплатнікамі (а часцей за ўсё – гэта алкаголікі і не зусім адэкватныя грамадзяне), утвораць кварталы, дзе будзе страшна хадзіць і ўдзень, і ўначы», – адзначае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў