Заіка: Продаж «Беларуськалію» – падстава для парламенцкага расследавання


Лукашэнка гатовы прадаць ААТ “Беларуськалій” за $ 30 млрд, пра што ён заявіў на нарадзе ў пытаннях прыватызацыі.

“Сёння гаворым пра тое, што мы не супраць прыватызацыі нават такога стратэгічнага прадпрыемства, як “Белкалій”, які прыносіць нам у лепшыя гады да $ 3 млрд даходаў у краіну. Мы не супраць”, – сказаў Лукашэнка. Ён нагадаў, што кошт вызначаны, і цяпер ён складае больш як $ 30 млрд. Паводле яго, з такім коштам пагадзіліся шмат якія міжнародныя арганізацыі.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць продаж прадпрыемства парушэннем нацыянальных эканамічных інтарэсаў Беларусі. “Нетры Беларусі нельга ацаніць у грашовым эквіваленце, гэта багацце, якое дасталося краіне. Пусціць туркаў ці кітайцаў здабываць нашыя карысныя выкапні – недапушчальны крок. У іншых краінах адразу б пачалося парламенцкае расследаванне”, – адзначае эксперт.

На ягонае меркаванне, продаж “фамільнага срэбра”, якім ёсць “Беларуськалій” для беларускай эканомікі ёсць сведчаннем няўдалага гаспадарання ўладаў.

“Урад набраў пазыкаў – замест таго, каб даць беларусам развіваць бізнес і такім шляхам аздаравіць эканоміку. У Беларусі замест новых вытворчасцяў будуюцца басейны і лядовыя палацы, вось іх няхай і прапаноўваюць замежнікам. Улады здольныя толькі прадаваць прадпрыемствы, што засталіся ў спадчыну з савецкага часу”, – разважае Леанід Заіка.

На думку эксперта, Беларусі было б карысней узяць прыклад з ЗША і абмежаваць здабычу калійных соляў толькі для ўнутранага ўжывання, каб захаваць каштоўны рэсурс.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары