Таццяна Равяка ў «Гарачым каментары»


Спецаперацыя, замоўца якой – Аляксандр Лукашэнка, арганізатар – Камітэт дзяржбяспекі, а выканаўцы – аршанскія міліцыянты і суддзі. Гэтак называюць зняцце з цягніка на Маскву, затрыманне, суд і пакаранне штрафам апазіцыянеры Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Аляксандр Атрошчанкаў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік партыі левых “Справядлівы свет” і каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” мяркуюць, што ўлады краіны выкарысталі іх як інструмент шантажу Еўразвязу і ЗША, крытычна настроеных да афіцыйнага Менску. Пры гэтым палітыкі, якім не дазволілі трапіць праз Маскву ў Брусель, не выязныя і цяпер – іхныя пашпарты застаюцца ў міліцыянтаў. А за пратэст падчас суда над палітыкамі ўжо сёння асудзілі журналіста і грамадскага дзеяча Валерыя Шчукіна.

Паводле праваабаронцы Таццяны Равякі, дзеянні ўладаў толькі абвастрылі сітуацыю і зрабілі яе больш красамоўнаю, чым сарваныя выступы палітыкаў у Бруселі. Яна не выключае, што такая практыка можа працягнуцца: “Магчыма, мы сутыкнемся з такімі неардынарнымі ды крэатыўнымі падыходамі, якія будуць арганізоўваць спецслужбы, каб абмежаваць выезд тым, каму яны хочуць”.

Таццяна Равяка заклікае абскарджваць рашэнні ўладаў, паводле якіх тым ці іншым грамадзянам забараняюць выязджаць за мяжу. Ейны калега Валянцін Стэфановіч выкарыстаў усе мажлівыя спосабы змагання за свае правы, калі яму забаранілі пакідаць краіну нібыта за ўхіленне ад прызыву, у тым ліку падаў скаргі ў суд на Міністэрства абароны і Генеральную пракуратуру, каб тая ацаніла законнасць далучэння яго да чорнага спісу. Праваабаронца падаў таксама заяву міністру ўнутраных справаў, каб даведацца, на якой падставе трапіў у спіс невыязных, які фармуе Дэпартамент грамадзянства і міграцыі. Паводле Таццяны Равякі, рэакцыя ўладаў будзе вядомая праз адзін-два тыдні.

belsat.eu

Стужка навінаў