Як англічанін загаварыў па-беларуску


Брытанскі прафесар Джым Дынглі, які даўно навучыўся размаўляць па-беларуску, са смуткам канстатуе, што маладыя беларусы ў Вялікай Брытаніі цураюцца роднае мовы.

Брытанскі прафесар-славіст, старшыня Англа-беларускага таварыства Джым Дынглі загаварыў па-беларуску, пасябраваўшы з прадстаўнікамі дыяспары ў Вялікай Брытаніі, якія прыехалі ў краіну адразу пасля Другой сусветнай вайны. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю праграме „ПраСвет”, якая транслюецца 30 сакавіка а 20:35.

Ён узгадвае, што яшчэ ў 1960-я Англа-беларускае таварыства штогод ладзіла імпрэзы, а таксама серыі лекцыяў, якія чыталі вядомыя навукоўцы – беларускія, брытанскія, амерыканскія. Цяпер на гэта, паводле спадара Дынглі, не стае сілаў, грошай, а галоўнае – месца, дзе можна сустракацца.

Прафесар канстатуе, што беларускаю тэматыкаю ў Брытаніі цікавяцца мала. З газетаў пра сітуацыю ў нашай краіне больш-менш рэгулярна піша толькі „The Independent”. Не надаюць аптымізму і маладыя эмігранты, якія размаўляюць толькі па-расейску, а на старэйшых прадстаўнікоў дыяспары глядзіць з пагардаю.

24 сакавіка Джым Дынглі адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Міжнародная праграма „ПраСвет” тэлеканалу „Белсат” выходзіць штопятніцы а 20:35. Усе выданні праграмы можна глядзець у інтэрнэце неўзабаве пасля тэлепрэм’еры.

belsat.eu

Стужка навінаў